Аляксей Чубат

Ашмяны: Дыялог жыхароў і горада

Шматлікія войны, а хутчэй – розныя ідэалогіі, якія адна за адной прыходзілі ў Беларусь, моцна спляжылі наш культурны ландшафт.

 

Палякі зачынялі цэрквы – узводзілі касцёлы, рускія – рабілі наадварот. А Савецкі Саюз рушыў і тое, і другое. На першы погляд ад спадчыны – а цэрквы і касцёлы, зразумела, гэта толькі частка нашай багацейшай культуры – мала што засталося. Але гэта толькі, калі не звяртаць на яе ўвагу. Калі ж павярнуцца ў бок беларускіх культурных каштоўнасцей, прачытаць гісторыю любой вёскі ці гарадка – будзеш здзіўлены. Прычым настолькі, што захочацца распавесці яе іншым людзям.

 

Незвычайны спосаб такога расповеду прапанавала мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная. Яна (аўтар шматлікіх праектаў па беларускай батлейцы, удзельніца міжнароднага праекта CHOICE) у сааўтарстве з рэжысёрам Таццянай Шылавай і аўтарам сцэнарыя Аляксеем Стрэльнікавым зладзілі тэатралізаванае прадстаўленне – “Зандажы і міражы Ашмян”. Хаця “зладзілі” – не самае дакладнае слова, бо без саміх гараджан, без гісторыі іх горада, увогуле – без самога невялічкага цэнтра Гарадзенскай вобласці спектакль бы не нарадзіўся. Але каманда культурных дзеячоў сваім досведам уключыла горад і жыхароў у дыялог, якога раней не было.

 

Для спектакля, якому далі адначасова спецыялізаваную і ўзнёслую назву – “Зандажы і міражы Ашмян” –  ствараўся адмысловы сцэнар. Спачатку ўдзельнікі праекта правялі шэраг размоў з жыхарамі горада, у тым ліку і ўраджэнцамі, якія жывуць далёка за мяжой. Грунтоўна азнаёміліся з даследваннем мясцовага краязнаўцы Чэслава Янкоўскага.

“Мы збіралі ўспаміны і некаторыя іх часткі друкавалі ў “Ашмянскім весніку” – раённай газеце,  – распавядае Ганна Выгонная Службе iнфармацыi “ЕўраБеларусі”. – І ведаеце, цікава было назіраць, калі людзі сталага веку па-рознаму памятаюць горад. Калі друкаваліся ўспаміны аднаго, другі чалавек адразу пачынаў пісаць абвяржэнне. Гэтыя пошукі праўды мы адлюстравалі і ў спектаклі. Але мне прыемна, што бліжэй да прэме’ры пачало прыходзіць разуменне: памяць можа быць розная, і розная яна мае права на існаванне”.

 

У спектаклі не было прафесійных актораў – усе гістарычныя ролі выконвалі самі гараджане. Гісторыю горада праз сябе прапусцілі і 10-гадовы дзіцёнак, і статны міліцыянер, і іншыя жыхары горада. З пачатку рэпетыцый “трупа” вырасла з 5-ці да 27-мі чалавек. Улічваючы тое, што сцэнар ствараўся з жыцця канкрэтных гараджан, дзе-нідзе яго прышлося падкарэктаваць. Бо хаця спектакль і быў зроблены як твор мастацтва, галоўную ролю ў ім ігралі канкрэтныя ашмянцы са сваімі жыццёвымі гісторыямі. І каштоўней было паказаць рэальнае жыццё канкрэтнага чалавека, а не прымушаць іграць зборнага, міфічнага ашмянца.

Каля паўтары сотні гледачоў сабраліся на прэм’еру. Разам з ашмянцамі былі мінчане, жыхары бліжэйшых раённых цэнтраў – Смаргоні, Вілейкі. Прыехала прадстаўнічая дэлегацыя з Брагіна. Калі казаць пра культурны рэгіянальны абмен – гэта быў менавіта ён. Настолькі ўсіх людзей захапіла ідэя прачытання гісторыі горада ягонымі жыхарамі. Дарэчы, мы можам бачыць цікавы феномен, калі адзін райцэнтр едзе на відовішча не ў Мінск, не ў абласны горад і не за мяжу, а ў нечым – да самога сябе.

 

Тэатралізаванае прадстаўленне храналагічна распавядае пра асноўныя перыяды Ашмян: вайну са шведамі, часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага, вайну з французамі часоў Напалеона, Першую сусветную, савецкі час. Але ў суадносінах да гістарыяных перыядаў спекталь можна падзяліць на дзве асноўныя часткі: без жывых сведак і з жывымі сведкамі. Зразумела, сцэнар дасавецкіх Ашмян пісаўся толькі па пісьмовых крыніцах, хіба што часы “за Польшчай” – міжваенны перыяд” сталы рэспандэнт мог узгадаць. Гістарычныя ў класічным разуменні падзеі ігралі мясцовыя школьнікі.

А вось другая частка – а гэта апошнія амаль 70 год – была паказана і перажыта на сцэне сталымі ашмянцамі. Мужчыны і жанчыны перад- і пенсійнага ўзросту былі ў ролі камеа і даволі пранікнёна і каларытна ўспаміналі сваю маладосць: дзе стаяў той ці іншы дом, аптэка, дзе жылая пэўная пані. Яны ўспаміналі перад гледачамі гісторыю сваіх Ашмян, блыталіся ў фактах і было цяжка зразумець, ці яны сапраўды канструююць перад намі сваю мінуўшчыну, ці гэта такая рэжысёрская задума.

 

“Ашмянскі спектакль – адзін з этапаў доўгатэрміновага працэса пераасэнсавання адносін гараджан да сваёй “малой радзімы, – лічыць кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэту ICOMOS Ігар Раханскі, які прыклаў значныя высілкі, каб гэты праект адбыўся. – Спектакль – нібыта элемент музейнай экспазіцыі, якая выйшла з інтэр’ера мясцовага музея на гарадскую плошчу. Ён – непаўторны, спектакль нельга паставіць на канвеер і адправіць у пракат. Такі перфоманс можа быць у сваім выглядзе толькі адзін раз, таму што ў іншы раз, нават у Ашмянах, прымаць удзел будуць іншыя людзі і гучаць іншыя інтэрпрэтацыі”.

Неаспрэчным плюсам спектакля з’яляецца тое, што самі жыхары горада, а найперш – школьнікі, прапускаюць гісторыю праз сябе, пражываюць яе на сцэне ў канцэнтраваным выглядзе. Такі падыход – гэта і ўдалая форма адукацыі, і натуральнае заглыбленне ў гісторыю свайго краю і, нарэшце, любоў да сваёй зямлі.

 

Але хацелася б, каб спектакль даў моцны імпульс і ў будучыню горада. Падлеткі на сцэне прайгралі розныя ідэалогіі, мовы, культурныя парадыгмы, а з чым яны пойдуць далей? Ці патрэбна вучыць дзяцей гісторыі дзеля самой гісторыі, дзеля фактаў? Зразумела, што гэта мастацкі твор, але ў наш час пошуку і канструявання беларускай ідэнтычнасці хацелася б убачыць хаця б траекторыю адказу на гэта пытанне будучыні.  Пакуль жа мы акцэнтуемся толькі на “міражах” мінулага. 

 

 

"Eurobelarus.info"
01.10.2016