Юрый Чарнякевіч

Брэнд ёсць. Што далей?

Дзясяткі майстроў-глінамесаў з усіх куткоў Міншчыны, а таксама з Брэсцкай, Віцебскай, Гродненскай і Магілёўскай абласцей з’ехаліся ў мінулую суботу ў Івянец, дзе прайшло VIII Абласное свята-конкурс майстроў ганчарства “Гліняны звон”. На святочным мерапрыемстве пабывала і “К”.

Не сакрэт, што рэклама — рухавік не толькі гандлю. Няма ці мала рэкламы — і на святочную імпрэзу амаль не едуць турысты, там пустуюць павільёны гандлю і забаўляльныя атракцыёны, слаба прадаецца сувенірная прадукцыя. Вось і на “Гліняным звоне” ў Івянцы,  як на мой погляд, брэндавым мерапрыемстве для гарадскога пасёлка, людзей было сёлета малавата. І віной гэтаму не кароткі дождж, які прайшоў на пачатку дня (пасля свяціла спякотнае сонца), а, як падаецца, менавіта слабая рэкламная кампанія з нагоды мерапрыемства. Згадаю толькі адзін прыклад: яшчэ перад ад’ездам у Івянец я “павандраваў” па сайце Валожынскага райвыканкама. Там, у раздзеле “Навіны рэгіёна” ад 5 ліпеня бягучага года, была змешчана кароткая даведка пра будучае абласнога ўзроўню мерапрыемства. Але дзе менавіта яно адбудзецца, а якой гадзіне, што можна будзе ўбачыць на свяце, там так і не паведамлялася… Не было рэкламы і на буйных інфармацыйных парталах (праўда, здолеў адшукаць інфармацыю пра свята на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва).

 

Малой колькасці людзей на імпрэзе “паспрыяла” і тое, што культурная дзея ладзілася не ў цэнтры горада, дзе як ні круці, заўсёды больш народу, а на базе Цэнтра рамёстваў Івянецкага музея традыцыйнай культуры, які знаходзіцца ўбаку ад асноўных вуліц мястэчка. Ды і знайсці саму пляцоўку, дзе праходзіла свята — майстэрні ганчароў месціліся пад адкрытым небам на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу пачатку ХХ стагоддзя, — было не так і лёгка. Прыкладам, я не заўважыў ніякіх указальнікаў ці плакатаў у цэнтры горада, дзякуючы якім звычайны турыст мог бы сам, без падказак мінакоў, знайсці шлях да імпрэзы. Праўда, за колькі крокаў ад святочнай пляцоўкі праз вуліцу была расцяжка “Са святам, дарагія землякі”, ды і на самой тэрыторыі комплексу вісеў плакат “Сардэчна вітаем удзельнікаў свята”. Але што за свята, там не ўдакладнялася…

 

Перад сцэнай, дзе майстэрства цягам амаль пяці гадзін дэманстравалі артысты з Валожына і Івянца, часам бывала пуставата. Гэтак жа, як і на дзіцячых пляцоўках, і на надзьмутай горцы, і на каруселях, змешчаных непадалёк, стрэльбавым ціры...

 

— Людзей мала, бо не хапае рэкламы, мабыць, не так шмат было інфармацыі пра “Гліняны звон”, — пацвердзіў мае думкі і майстар з Валожыншчыны Уладзімір Сасноўскі. — Ранейшыя фестывалі, памятаю, наведвала больш турыстаў. Ды і няма ў людзей той цікавасці да свята, якая была яшчэ гадоў дзесяць таму…

 

Цікавасць ёсць!

Калі ж казаць пра цікавасць да свята, дык я сам бачыў захопленыя твары гледачоў, якія ўзіраліся ў “нараджэнне” глінянага збанка на ганчарным крузе або спрабавалі свае сілы ў лепцы птушак-свісцёлак…

 

— Пагаджуся, што з рэкламай мы дзесьці недапрацавалі, — адзначыў у гутарцы са мной начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч. — Хоць мы і давалі абвесткі пра імпрэзу ў раённыя ды абласныя СМІ, на радыё. На жаль, нашы культработнікі яшчэ слаба знаёмыя з тактыкай агрэсіўнага маркетынгу, а трэба не толькі ствараць цікавы культурны прадукт, а і ўмець яго рэкламаваць! Таксама і наконт месца правядзення свята наступным разам падумаем: магчыма, зладзім яго у цэнтры горада, каб сюды завітала больш цікаўных гледачоў…

 

Пра тыя ж праблемы імпрэзы казаў мне і намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Бібік.

 

— Івянецкае свята ганчароў ужо мае пэўныя традыцыі, і тое, што “Гліняны звон” запатрабаваны людзьмі, пацвердзіў час, — адзначыў Пётр Бібік. — Але пагаджуся, сапраўды, варта даваць больш рэкламы, каб сюды завітвалі турысты, магчыма, трэба прымеркаваць імпрэзу да нейкага іншага мерапрыемства, якое ладзіцца ў Івянцы, скажам, да свята пасёлка або да цукеркавага фэсту “Ivkon”. Тады і людзей будзе нашмат болей, чым сёння. Акрамя таго, як я мяркую, варта распаўсюджваць рэкламу ў бліжэйшых санаторыях — “Іслачы” і “Сасновым бары”, што каля Радашковічаў. Упэўнены, тыя, хто ў іх адпачываюць, з задавальненнем завіталі б на свята, а таксама прагуляліся па вуліцах мястэчка…

 

Да слова, напярэдадні свята, з 30 чэрвеня па 8 ліпеня ў Івянцы ладзіўся Міжнародны мастацкі пленэр “Святасць зямлі беларускай”, прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прыкладна з дзясятак майстроў з Беларусі, Расіі і Украіны, а карціны, намаляваныя мастакамі падчас пленэру, былі перададзены ў Івянецкі дом культуры, каб з цягам часу пакласці пачатак мясцовай карціннай галерэі. Чым не яшчэ адзін дадатковы стымул для турыстаў прыехаць у Івянец на свята? Не кажу ўжо пра тое, што і сам Музей традыцыйнай культуры, у які я таксама паспеў завітаць у камандзіроўцы, быў бы цікавым турысту…

 

Дзе вы, спонсары?

Як падаецца, на свяце не хапала цікавых конкурсаў, спаборніцтваў, забаўляльных праграм. Што ні кажы, а з нейкімі цікавосткамі, “разыначкамі”, было б больш цікава для наведвальнікаў. А так атрымалася, што конкурс сярод ганчароў праводзіўся, а вось для наведвальнікаў арганізатары абмежаваліся спевамі са сцэны ды адзіным паўгадзінным майстар-класам па вырабе свістулек…

 

І апошняе. Вядома, што значнасці святам, фестывалям ды імпрэзам заўсёды дадаюць мецэнаты і спонсары ці то раённага, ці то абласнога маштабу. З імі і прызоў паболей, і прызы гэтыя больш важкія, чым традыцыйныя граматы ды дыпломы. Ды і пра ўзаемакарыснае супрацоўніцтва работнікаў сферы культуры з бізнесменамі ды прадпрымальнікамі гаварылася ў “К” ды прадстаўнікамі Міністэрства культуры ўжо не раз. Мяркую, “Гліняны звон” мае ў гэтым плане шмат перспектыў. Гэта пацвердзіў і намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама.

 

— Скажам, у мінулыя гады на свяце была прадстаўлена прадукцыя Івянецкага і Радашковіцкага завода мастацкай керамікі, — адзначыў Пётр Бібік. — Сёлета, на жаль, такога зрабіць не ўдалося, праўда, завод з Івянца паспрыяў нам з глінай. Між тым, гасцям свята заўсёды цікава паглядзець, чым адрозніваецца збан, зроблены майстрам, ад заводскай “штампоўкі”, параўнаць розныя сувенірныя вырабы, зробленыя на заводзе і рукамі ганчара ці кераміста. Так што ў гэтым плане мы таксама маем патэнцыял, які можна і трэба выкарыстоўваць. Акрамя таго, названыя прадпрыемствы цалкам маглі б стаць у перспектыве спонсарамі “Глінянага звону”: дзе, як не на абласным свяце майстроў ганчарства, рэкламаваць сваю прадукцыю?

 

Што ж, магчыма, што праз два гады так і атрымаецца, абласное свята-конкурс зайграе новымі фарбамі, новымі цікавымі імпрэзамі, а ў Івянец на “Гліняны звон” будуць з’язджацца тысячы турыстаў, сямейныя пары і аматары гліняных збанкоў і керамічных сувеніраў. І брэндавае мерапрыемства стане святам не толькі для ганчароў, а і для ўсяго Івянца ды наваколля.

 

 

"Культура"
22.07.2016