Маргарыта Дзяхцяр

Чалавечыя адносіны

Нам падабаецца бачыць сябе не толькі ў люстэрку, але і на тэлеэкране. І гэта добра. Гледзячы на сябе, усведамляеш, хто ты ёсць, заўважаеш уласныя памылкі, робіш высновы. Але, на жаль, кіно, дзе мы можам убачыць сябе, не так і шмат. У мастацкіх стужках, якія робяць у Галівудзе, наўрад ці пазнаеш сябе ці сваіх блізкіх — нам трэба сваё, роднае. І тут дапамагае сацыяльнае кіно — пра грамадства, як яно ёсць, пра нас з усімі нашымі праблемамі, недахопамі і асаблівасцямі.

 

 

Важная місія

 

Майстэрня сацыяльнага кіно існуе ў Мінску 3 гады. Канстанцін Варабей, намеснік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно, верыць, як і ўся каманда, у тое, што «медыя і кіно больш за ўсё ўплываюць на чалавека». І гэта сапраўды так. У майстэрні не толькі ствараюць і паказваюць фільмы, але і вучаць рабіць іх: «Мы праводзім мерапрыемствы на тэмы, якія, можа, не вельмі цікавыя моладзі. Напрыклад, гандаль людзьмі. У кожным універсітэце чытаюць лекцыі на гэтую тэму, але мы ведаем, што эфект ад гэтага вельмі малы. Мы ж працуем праз культуру». Канстанцін кажа, што ў майстэрні яны вучаць рабіць відэа на не вельмі цікавыя тэмы, але з ідэяй, якая зрабіла б цікавай тэму. Праблема сацыяльнага кіно, напэўна, у тым, што ў большасці сваёй яно адкрыта дыдактычнае — а хто любіць, калі яго павучаюць? «Усе нашы праекты маюць сацыяльны кантэкст, але мы прытрымліваемся прынцыпу, што гэта трэба рабіць ненавязліва, тады і відэа атрымаецца карысным і цікавым».

 

Майстэрня сацыяльнага кіно пачынала з невялічкіх відэаролікаў. Адна з серый — «Культура пачынаецца з цябе» — набыла надзвычайную папулярнасць у інтэрнэце: «Мы паказалі праблему — недарэчнасць сітуацыі, дзе беларусы адмаўляюцца ад вышыванак, айчынных песень. Культуру мы зрабілі, можа, даволі глянцавай, але паказвалі менавіта так, як трэба. Мы дэманстравалі залежнасць мовы ад кожнага сказанага беларускага слова, напоўнілі родным маўленнем увесь Мінск. Але і закранулі паняцце «культура» больш шырока. І зразумелі, што гэта і экалогія, і спорт, і выхаванне. Гэта быў наш першы крок, які атрымаўся».

 

Паняцце «сацыяльнае кіно» наогул існаваць не павінна — так лічаць за мяжой. «Я быў на стажыроўцы ў Амерыканскай кінаакадэміі і спытаў, ці ёсць у іх такое паняцце «сацыяльнае кіно». Аказалася, што там яго няма. Уся іх праца мае сацыяльнае напаўненне. Лічу, што да гэтага і нам трэба ісці: не трэба казаць, сацыяльнае кіно ці не, бо галоўнае ж — ідэя», — кажа Канстанцін.

 

Насамрэч любое кіно сацыяльнае. Нават у забаўляльных галівудскіх фільмах можна ўбачыць сацыяльны кантэкст. Але ўсё ж, ці бачылі вы, каб хтосьці пайшоў змяняць свет, паглядзеўшы галівудскія стужкі? Канечне, кіно такой праблемы не вырашыць, але «яно аналізуе сацыяльны кантэкст, і гэта моцны сродак, які эмацыянальна ўплывае на чалавека, які можа давесці думку. Хоць мы адэкватна разумеем, што ад выхаду аднаго фільма ніхто не пойдзе змяняць экалагічную сітуацыю ці размаўляць па-беларуску. Сацыяльныя змены адбудуцца, калі ў чалавека складзецца поўная карціна свету».

 

Пошукі цікавага

 

 

Будзем шчырымі, глядзець сацыяльнае кіно часам бывае сумна. Гэта разумеюць і самі рэжысёры. У Майстэрні сацыяльнага кіно з гэтым спрабуюць змагацца. Напрыклад, прапаноўваюць чалавеку паглядзець на сябе з іншага боку, праз прызму паказанай праблемы.

 

Зараз майстэрня робіць праект «Кінадыялог». Арганізатары запрасілі вядомых беларускіх дакументалістаў Віктара Аслюка і Вольгу Дашук, каб тыя навучылі маладых аматараў сацыяльнага кіно рабіць стужкі на важныя, але «зацухмоленыя і не вельмі цікавыя тэмы»: «Мы папрасілі вучняў зрабіць відэа на тэму «Ахвяры нацызму». Калі Віктар і Вольга прыйшлі да нас, то сказалі: «Вось вам рыначныя ўмовы. Мы таксама на такіх здымаем. А вам яшчэ пашанцавала — вам не далі канкрэтнага героя, таму тут карт-бланш». Маладыя рэжысёры навучыліся шукаць цікавае ў, здавалася б, нецікавым. І ўжо ёсць вынікі. Напрыклад, адзін хлопец выбраў героя, якога запрасілі да Папы Рымскага, калі той прыязджаў у Асвенцым, і рэжысёр ездзіў туды разам са сваім героем. Гэта тое, пра што казаў Аслюк — латарэя, пашанцуе з героем ці не, усё залежыць ад таленту гуляць з сітуацыяй».

 

Як праект «Кінадыялог», а дакладней, яго вынікі, дапаможа паглядзець на сябе? Хаця б так, што мы зможам пераасэнсаваць тое, што адбывалася падчас Вялікай Айчыннай. Мы не любім аналізаваць. «Таму і ўспрыманне сацыяльнай рэкламы вельмі цяжкае. Калі мы яе глядзім, найбольшую цікавасць выклікаюць іміджавыя, гламурныя ролікі, якія паказваюць не праблему, а нешта прыгожае. У нас грамадству не прапаноўваюць аналізаваць сацыяльныя з’явы, а навязваюць гатовыя рашэнні», — лічыць Канстанцін Варабей.

 

Адсюль і пытанне: а калі мы не зацікаўленыя ў аналізе саміх сябе, то ці цікавае нам сацыяльнае кіно ўвогуле? Канстанцін лічыць, што адносіны да сацыяльнай рэкламы і кіно — вынік таго, што рабілася раней: «У нас не вельмі добрае стаўленне да сацыяльнага з той прычыны, што якасць прадукту нізкая. Мы самі робім сацыяльную рэкламу, і не магу сказаць, што мы цалкам задаволеныя сваёй працай. Але калі спускаюся ў метро і бачу ролікі, якія зроблены няякасна, нецікава, я разумею, чаму чалавек так ставіцца да сацыяльнага. Мне падаецца, сацыяльнае кіно можа зацікавіць, калі яго прыгожа зрабіць. Грамадства не будзе глядзець кіно нецікавае: сацыяльная тэматыка зацісне гледача, калі ператворыцца ў прапаганду».

 

Выклікаць эмоцыі

 

 

Нягледзячы на тое, што ў сацыяльным кіно і рэкламе беларускі глядач, можа, і не вельмі зацікаўлены, аднак у сацыяльным у шырокім сэнсе ён зацікаўлены вельмі моцна. Магчыма, сам таго не разумеючы. Варта ўзгадаць прыклад, калі ў 2013 годзе выйшаў кліп амерыканскага музыканта Фарэла Уільямса «Happy». Па ўсім свеце пачаўся сапраўдны флэш-моб: у многіх краінах відэа пачалі пераздымаць, паўтараючы кліп Уільямса. Так, гэта, магчыма, і не тое, што мы называем сацыяльнай рэкламай, але гэта паказчык таго, што мы гатовыя гаварыць пра сябе, паказваць сябе, у нейкім сэнсе аналізаваць сябе. То бок, у сацыяльным нас вельмі лёгка зацікавіць, што заўважае і Канстанцін Варабей: «У Беларусі спрацоўваюць такія кампаніі, якія ўзнімаюць настрой. Зразумела, у нас шмат праблем, таму нам не вельмі падабаецца, калі негатыў падлівае яшчэ і сацыяльная рэклама. Таму стаўленне да такіх акцый больш лагоднае. Але ёсць праблемы, пра якія нельга распавядаць у такім ключы. Таму калі ёсць магчымасць паказаць пазітыўны бок у сацыяльнай рэкламе, то гэта трэба рабіць! А калі няма — прабіваць кранальнай эмоцыяй».

 

Так, кіно — моцны эмацыянальны інструмент. Водгук гледача тут не толькі неабходны, але і абавязковы, асабліва для сацыяльнага кіно: «Калі мы не будзем атрымліваць водгуку, то не зразумеем, для каго працуем. Мы сочым за водгукамі ў інтэрнэце, колькасцю праглядаў. Гэта сведчанне таго, што ролік чапляе. Але важна памятаць, што глядач — асобна, крытыкі — асобна. Для кожнага адзін і той жа фільм раскрыецца па-рознаму, таму і зрабіць агульную выснову па адной стужцы немагчыма».

 

Праблемныя пытанні

 

 

Часам рэжысёр і сам не ведае, што хоча сказаць, а гледачы дапамагаюць яму знайсці адказы. Сацыяльнае кіно — той выпадак, калі глядач, акрамя адказаў на пытанне «пра што кіно», павінен зрабіць яшчэ і высновы: «навошта гэта трэба?». Сацыяльныя стужкі выхоўваюць грамадства, робяць яго больш актыўным і адкрытым: «Калі з'явіўся трэнд з вышыванкамі, ніхто і не думаў, што з невялікага кроку народзіцца такая папулярнасць. Таксама і тут — усё залежыць ад эмоцый. Справа ў тым, што перад сацыяльным кіно цяжкая задача: трэба зачапіць як мага большую частку грамадства. Мы не ставім сабе задачу змяніць свет сваімі відэа. Гэта ў нас на ўзроўні місіі».

 

Кіно не можа вырашыць глабальныя праблемы. Яно ўвогуле не вырашае, а падштурхоўвае чалавека да гэтага. Сацыяльнае кіно — штуршок, напэўна, самы моцны: «Адна з задач сацыяльнага кіно — каб чалавек, паглядзеўшы, падумаў, што трэба іншага чалавека паважаць. Мы працавалі са школамі і бачылі вынікі адукацыі там. Калі дзеці выхоўваюцца ў асяроддзі, дзе пра адны праблемы кажуць, а пра іншыя — не ўзгадваюць, з гэтым трэба нешта рабіць. Сацыяльнае кіно можа закрануць нешта ў душы, але цалкам змяніць погляд — наўрад ці. Мы зараз працуем над тым, каб паказваць школьнікам сацыяльнае кіно, распавядаючы і пра яго вытворчасць».

 

Майстэрня сацыяльнага кіно не рэкламуе прафесію, але ж Канстанцін лічыць заахвочванне школьнікаў да рэжысуры магчымым: «Калі ў ЗША быць рэжысёрам — крута, то ў нас пра гэта мала хто гаворыць. Канечне, ёсць тыя, хто хоча займацца кіно і медыя, але далучаць да кіно — хутчэй наша мара. Як і прывіваць кінагуст. Я быў здзіўлены, што ў Амерыцы гэтым займаецца кінаакадэмія «Оскар». Яны прыводзяць у школы рэжысёраў, паказваюць там іх фільмы і размаўляюць. Гэта цікавы досвед, які мы хочам, а галоўнае, можам пераймаць».

 

Маладыя беларускія рэжысёры здымаць сацыяльнае не вельмі хочуць. Такое кіно — свайго роду абмежаванне. Яно ў многіх выпадках ствараецца ва ўмовах рынку, па замове: «Маладыя не жадаюць здымаць у межах. Перад рэжысёрамі стаіць выбар: рабіць мастацкае кіно, якое хочацца, або інфармаваць, як таго хоча замоўца. Калі рэжысёр не знаходзіць баланс, то будзе незадаволены або ён сам, або яго замоўца. Будзем шчырымі: мала ў каго з маладых ёсць магчымасць здымаць тое, што яны хочуць. На гэта патрэбны сродкі, таму часам прыходзіцца ісці на здзелку з сумленнем і рабіць кіно, якое патрабуе рынак».

 

Паглыбіцца ў сябе

 

 

Але грашовае пытанне — не адзіны складнік кіно. Канстанцін кажа, што «першае — ідэя. Дзякуючы ёй можна сабраць каманду. Калі людзі аб’яднаныя адной думкай, ім нашмат лягчэй. Досвед таксама можна атрымаць. Вось калі не будзе ідэі, але будуць грошы — будзе правал, а калі наадварот — штосьці абавязкова атрымаецца».

 

Паўнавартасныя стужкі Майстэрня сацыяльнага кіно пачала рабіць толькі праз 2 гады пасля стварэння. Зараз здымаецца фільм пра хатні гвалт, які выйдзе ў канцы жніўня: «Гэта тая тэма, якую можна перадаць праз кіно. Было цяжка, бо сацыяльнае кіно ўсё ж іншае — трэба было зразумець тэму і паглыбіцца ў яе. А гэта было нялёгка. Наш сцэнарыст нават сказала: «Думаеш, што гэта нешта нерэальнае, а калі чытаеш такія гісторыі, то быццам бачыш баявік». Мы даследавалі гісторыю жанчыны, якая сама абараняе свайго гвалтаўніка: сітуацыя кшталту “стакгольмскага сіндрому”».

 

У Майстэрні сацыяльнага кіно вялікія планы: праца над фільмам, новыя вучэбныя праекты, дамоўленасці аб супрацоўніцтве з Амерыканскай кінаакадэміяй (у гэтым, зразумела, трэба быць рэалістамі).

 

Калі ў Амерыцы ўсё кіно — сацыяльнае, то ў нас і тое сацыяльнае, што ёсць, амаль немагчыма. Хіба толькі на некаторых фестывалях. Але ад прапановы стварэння фестывалю сацыяльнага кіно Канстанцін Варабей адмаўляецца: «Мне падаецца, не трэба ствараць «гета». А вось секцыю на фестывалі — можна. Трэба падтрымліваць канкурэнтаздольнасць сацыяльнага кіно. Пакуль яно не будзе роўным з ігравым кіно, з моцным прадуктам, яго ніхто не будзе глядзець».

 

 

Фота: здымкі праекта "Культура пачынаецца з цябе"

 

 

"Літаратура і мастацтва"
26.08.2016