Сяржук Кійко

Чым цікавыя выставы і колькі каштуюць працы маладых беларускіх мастакоў

У Мінску 30 кастрычніка завяршыла сваю працу найбуйнейшая ў Беларусі выстава-продаж сучаснага мастацтва «Восеньскі салон». Гэта мерапрыемства было арганізавана Белгазпрамбанкам і праходзіла ў Палацы мастацтваў па вул. Казлова, 3. Адмыслова на гэтую выставу я і паехаў у сталіцу. Па-першае, асабіста мне падабаецца сучаснае мастацтва, а па-другое, сапраўды цікава паглядзець, на што вартыя беларускія майстры і колькі грошай яны патрабуюць за свае творы. Пра гэта я і распавяду чытачам.

 

 

У Мінску звычайна ладзяць дзясяткі розных творчых выстаў у месяц. Трэба адзначыць, што такога кшталту мерапрыемства наведвае дастаткова вялікая колькасць людзей, асабліва моладзь. Але ў гэты раз я быў уражаны болей, чым калі, бо нават у апошні дзень выставы было вельмі шмат людзей.

 

Каб «дакрануцца» да сучаснага мастацтва, трэба было набыць квіток за 5 рублёў. Пры ўваходзе наведвальнікам выставы давалі бланкі, на якіх пасля прагляду пазначаюцца прозвішчы абраных фаварытаў сярод выстаўленых мастакоў.

На «Восеньскім салоне» магчыма было пабачыць самыя розныя працы. Гэта і выцінанкі, і жывапіс, і скульптуры, і шмат чаго яшчэ. Я не буду стамляць чытачоў і адразу пяройдзем да прац…

 

Дзве працы Надзеі Букі, выразаныя з каляровай паперы (выцінанка). На той, што злева, відаць выяву затопленай мінскай «брамы».

Былі там і шкляныя вырабы (вітраж), скульптуры і шмат карцін.

На гэтым здымку на першым плане відаць скульптуру пад назвай «Дзіда Альгерда».

А зараз самае цікавае… Кошты твораў нашых мастакоў:

«Ружовы праспект» Уладзіміра Шапавалава, акварэль, каштавала 700 руб.

Дзве працы Дзмітрыя Булдакова за 2438 і 3180 руб.

Штосьці кшталту дэкаратыўнай пліткі ад Францішкі Брыгадзіны за 7980 руб.

Працы Наталлі Ляпкінай (акрыл) усе каштуюць каля 1000 руб.

Было там і над чым пасмяяцца. Працы “з гумарам” сапраўды падымалі настрой. Вось, напрыклад, «Летні поўдзень» Аляксандра Бельскага (алей) за 5600 руб.

Працы Андрэя Пяткевіча (акрыл): «Ева» – 7000 руб., «Хваляванне» – 8400 руб., «Тарэадор» – 7700 руб.

Скульптурная кампазіцыя Арцёма Мядзведзева «Тленны палон», выкананая з дрэва і медзі – 8820 руб.

Аляксандр Бельскі зрабіў вось такую ілюстрацыю да вядомага твора «Вайна сусветаў», але пад назваю «Восеньскі дзень» – 5600руб.

Самай цікавай і яскравай працаю, і па водгуках наведвальнікаў, і па маім асабістым уражанні, можна назваць праект Максіма Макарэвіча і Паліны Амельяновіч «Белы шум».

Кампазіцыя складаецца з сямі аб’ектаў, якія знаходзяцца на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго і сімвалізуюць планеты Сонечнай сістэмы. Аб’екты гэтыя выкананыя ў выглядзе твараў, выразаных з камянёў і пакрытых нібыта шклом. Але сярод іх няма таго, які б сімвалізаваў Зямлю. Такім чынам, аўтары хацелі прымусіць кожнага задумацца, а як жа выглядае наша планета з яе разнастайнай прыгажосцю? І калі сапраўдны чалавек стане сярод гэтай інсталяцыі, то ягоны вобраз можна сапраўды лічыць вобразам Зямлі.

 

Скульптуры дапаўняе мазаічнае пано, у якім бачныя знаёмыя краявіды нашай планеты: неба і вада, нібыта гэта ўсё толькі паслядоўна ўтвараецца пасля вялікага выбуху.

Праект зроблены з штучных і натуральных камянёў, дрэва, туфа, пластыку, паліметылметакрылату. На выставе кошт гэтай працы быў пазначаны як «дамоўны» і стаяла чырвоная паметка. Гэта азначае, што праект прададзены. На сайце «Восеньскага салона» пад гэтым праектам стаіць кошт 63000 рублёў.

 

Хтосьці скажа, што шмат якія працы мастакоў не каштуюць заяўленых грошай, хтосьці запярэчыць, маўляючы: «Сам паспрабуй такое зрабіць». Але бясспрэчна тое, што без мастацтва, у любой ягонай праяве, наша жыццё было б шэрым і не такім выразным. На выставах сапраўды ёсць на што паглядзець і чаму падзівіцца. Мабыць, менавіта таму, іх звычайна наведвае такая колькасць людзей. Для мастакоў гэта шанец зарабіць, а для тых, хто мае дастаткова грошай, гэта нагода набыць сабе кавалак прыгажосці нашага свету.

 

Слова слуцкага мастака

 

Знаёмцеся, Сяргей Марыніч — таленавіты творчы случчанін. Яго таксама можна лічыць маладым беларускім мастаком. У адрозненне ад большасці аўтараў твораў «Восеньскага салона», Сяргей не сканчаў аніякіх вышэйшых мастацкіх вучэльняў, а толькі нашу Слуцкую дзіцячую мастацкую школу.

 

Я папрасіў Сяргея паказаць мне некаторыя свае працы, а пасля спытаў, за якія грошы ён развітаўся б з імі? На гэта пытанне слуцкі мастак адказаў не адразу. Маўляў, што кошт вызначыць нельга так адназначна.

 

«Я свае працы ацэньваю цвяроза. Хочацца, каб мастацтва было больш дасягальным для розных людзей. Вядома, што сярод твораў вялікай выставы-продажу і я на свае працы падняў бы кошт», — кажа Сяргей.

 

Працы Сяргея Марыніча:

За свае працы слуцкі мастак просіць усяго па 70 рублёў за карціны і 20рублёў за чорна-белую графіку, але прызнаўся, што справядлівы кошт для кожнай з карцін, на яго думку, складае 840 рублёў.

 

На конт «Восеньскага салона» Сяргей Марыніч кажа наступнае:

Пачну словамі вядомага французкага пісьменніка і журналіста Робера Дэснаса: «Я адмаўляюся бачыць хоць у чымсьці выключную каштоўнасць. Подпіс аўтара — самая важная частка твора, адлюстраванне яго значэння ў жыцці, ключ».

 

Асабіста я лічу, што калі вы набываеце які-небудзь мастацкі твор, то павінны ўсведамляць, што аўтар пасля доўгіх памылак, згубленага часу, расчаравання душы і сэрца прыйшоў менавіта да гэтага вобраза. У наш час занадта шмат чаго ўжо прыдумана ў мастацкім плане, і таму малююць чым папала. Па некаторых працах салона відаць, што сапраўды мастак зрабіў нешта прыгожае і складанае. Гэта не так лёгка, як можа падацца на першы погляд, а кошт маленькі.

 

 

"Інфа-Кур'ер"
04.11.2016