Вольга Трубач

Дударскія вечарыны ў Маладзечне: "Калі ўсё гэта бачыш, пачынаеш верыць, што ў нас ёсць будучыня"

Другі раз па запрашэнні мала­дзечанскага гісторыка-этнагра- фічнага клуба “KOLA” “Дударскі клуб” наведвае горад сонца – Маладзечна.

 

І ў другі раз дударскія вечарыны знаходзяць прыхільнікаў! Сяброўская атмасфера, дух старадаўняй карчмы, жывая народная і сярэднявечная музыка, танцы, спевы і шмат весялосці – складнікі тыповай дударскай вечарыны. Усю гэту атмасферу адчулі на сабе і ўдзельнікі клуба “KOLA”,  некалькі раз наведаўшы такія вечарыны ў сталіцы. Таму не змаглі ўтрымацца, каб не запрасіць дударскі клуб у Маладзечна. Дудары пагадзіліся, і 27 лютага прайшла першая вечарына.  Патанцаваць традыцыйныя і сярэднявечныя танцы прыехалі аматары з Мінска, Вілейкі, Алёхнавічаў і Маладзечна. Танцавалі беларускія традыцыйныя танцы: лявоніху, верабей, польку-матылька, матлёт, базар і сярэднявечныя танцы: маразулю, бранль прачэк, ойру, кастэрват і іншыя.

 

Першы танец удзельнікі сядзелі і назіралі за тымі, хто танцуе. Другі – пачыналі пляскаць у далоні і прыстукваць нагой у такт, а на трэці –  танцавалі пад музыку дуды.

Дудурскія вечарыны – добрая альтэрнатыва звыклым відам адпачынку, якія існуюць у горадзе. Да таго ж гэта не проста баўленне часу, але і магчымасць здзейсніць падарожжа ў мінулае.

 

Удзельнікі пра дударскія вечарыны

 

Зміцер Ваховіч: “Па-першае, мяне ўразiлi адносiны да людзей, якiя трапляюць упершыню на такое мерапрыемства – прымалі i вiталіся як са старымі знаёмымі. Складвалася ўражанне, што ты тут свой.

Па-другое, прафесiяналiзм дудароў. Падавалася, нiбы дудары знаёмыя з інструментам з маленства.

Незвычайным падалося, што было шмат маладых, а самае галоўнае, зацiкаўленых лю­дзей, якiя прыйшлi не проста паглядзець, а актыўна танцаваць да сёмага поту. Бачыш усё гэта і пачынаеш верыць, што ў нас яшчэ ёсць будучыня. Дзякуй за гэты вечар. Лiчу, што трэба паў­тарыць”.

Алеся Ушакова: “На дударскую вечарыну трапіла ўпершыню і была вельмі ўражаная асаблівай атмасферай, якая панавала там. Цяпер не так часта можна пачуць, як моладзь размаўляе на роднай мове, а яшчэ радзей даводзіцца ўбачыць, як яна танцуе пад музыку старажытных беларускіх інструментаў. Да таго ж танцуе калектыўна, арганічна, з усмешкай на твары.

Усе рухі падрабязна паказвалі і тлумачылі перад танцам – таму я, як і іншыя навічкі, адчувала сябе камфортна. Акрамя танцаў і музыкі, было весела падчас гульняў. Удзельнічаючы ў іх, мне падалося, што я ў іншым стагоддзі – так усё натуральна і насамрэч па-беларуску прадумана арганізатарамі, якім варта падзякаваць. З нецярпеннем чакаю наступную вечарыну.

 

 

 

"Рэгіянальная газета"
23.04.2016