Аляксей Хадыка

Геных Валуа, Рэч Паспалітая і гісторыя моды

442 з паловай гады таму, 21 лютага 1574 году ў Вавельскім саборы ў Кракаве адбылася каранацыя Генрыха ІІІ Валуа (1551-1589) як караля Польшчы і вялікага князя літоўскага. Скандальная гісторыя апошняга Валуа, які праз некалькі месяцаў, у ноч з 18 на 19 чэрвеня таго ж году ўцёк назад у Францыю на вызвалены па смерці яго брата Карла ІХ айчынны сталец, цікавая не толькі дэтэктыўнымі паваротамі сюжэту.

 

Яе асаблівасць у тым, што Генрых ІІІ апынуўся першым “вольнаабраным” каралём і вялікім князем на польскіх і беларуска-літоўскіх землях пасля згасання дынастыі Ягайлавічаў. А падпісаныя ім Генрыхавы артыкулы і Pacta conventa з гарантыямі правоў магнатаў і шляхты, а таксама немагчмасці наледнага пераходу ўлады, вызначылі асаблівасці палітычнага ладу Рэчы Паспалітай аж да канца XVIII стагоддзя. Сюжэт утрымліваў і іншыя цікавыя моманты, датычныя гісторыі нашай культуры, традыцый побыту і моды.

 

Парадаксальна, што назва герояў папулярнага сучаснага дзіцячага мульціка, а потым цацак – “міньёны” –  нарадзілася таксама ў асяроддзі Генрыха ІІІ. Толькі тады міньёнамі называлі прыдворных фаварытаў манарха. Пашырэннем каралеўскай апекі і клопату на маладых адукаваных арыстакратаў сярод каралеўскіх двароў Еўропы найбольш праславіўся менавіта Генрых Валуа, спараджаючы тым самым плёткі пра ўласную нестандартную сэксуальную арыентацыю. Адпаведна, яго мянушка сярод непрыхільнікаў у Парыжы, пратэстантаў-гугенотаў і ультракаталіцкай партыі, гучала як “князь Садому”. У гісторыі мастацтва засталіся прысвечаныя яму здзеклівыя карыкатуры, верагодна, інспіраваныя ворагам караля і лідарам Каталіцкай лігі герцагам  Генрыхам дэ Гізам. Вось тэкст пад адной з іх:

 

Я не мужык і не жанчына…
І каб была ў мяне прычына,
Кагосьці з іх дваіх абраць –
Мне ўсё адно, з кім быць падобным,
А лепш быць з абаімі родным
І ўцех з таго ўдвая прыдбаць.

(пераклад Зм.Коласа)

 

Улюбёны трэці сын уладарнай каралевы Францыі Кацярыны з італьянскага роду Медычы, Генрых быў выдатна адукаваны, добра кеміў у літаратуры і мастацтве, размаўляў па-італьянску, французску, ведаў латынь і старагрэцкую, вельмі някепска фехтаваў.

 

І сярод дзяцей Кацярыны Медычы і Генрыха ІІ лічыўся найбольш разумным. Яго выхаваннем займаліся вядомыя сучасныя інтэлектуалы, Франсуа Карнавале і біскуп Жак Аміё, перакладчык Арыстоцеля. Сам Генрых ІІІ, дасканалячы італьянскую ў размовах з маці, у арыгінале чытаў Макьявелі.

 

Да таго ж, калі ў Францыі ў 1560-я гады пачала нарастаць хваля напружанасці паміж католікамі і пратэстантамі-гугенотамі, што адну за адной спараджала грамадзянскія войны, Генрыху Валуа давялося паказаць сябе здатным ваяром. Падчас трэцяй вайны 1569-1570 гадоў, прызначаны генерал-лейтэнантам каралеўства, і г.зн. галоўнакмандуючым войскамі, 18-гадовы Генрых, на той час герцаг Анжуйскі, 13 сакавіка 1569 пры Жарнаке, і 3 кастрычніка 1569 пры Манкантуры (зразумела, з дапамогаю дасведчаных старэйшых ваяроў)  здолеў разбіць войскі гугенотаў. Што гарантавала яму вялікую папулярнасць у пераважна каталіцкім Парыжы.

 

У сваю чаргу, рост уплыву Генрыха Валуа турбаваў тагачаснага караля Францыі, яго старэйшага брата, Карла IX Валуа. Менш здольны, менш падтрыманы маці, якая рабілася усё болей уплавовай постаццю на палітычнай сцэне Францыі па смерці мужа, паярэдняга караля Генрыха ІІ (1559), – асабліва ў сувязі з яе спробамі навацыйнай для Еўропы палітыкі па канфесійным замірэнні каталікоў і пратэстантаў, Карл ІХ небеспадстаўна хваляваўся за трываласць свайго становішча. Тым болей, што шлюб Кала ІХ з Елізаветай Аўстрыйскай Габсбург не прыносіў спадкаемцы трону, і натуральным пераемнікам рабіўся Генрых Валуа. У выніку, сам Кал ІХ, чый стан здароўя відавочна пагаршаўся,  змушана і афіцыйна прызнаў Генрыха сваім пераемнікам 22 жніўня 1573 году. З другога боку, Кацярына Медычы марыла як найхутчэй здабыць для улюбёнца, Генрыха, каралеўскі пасаг дзе б там ні было, бо шансы на нараджэнне сына ў старэйшага брата, Карла ІХ, яшчэ заставаліся. Так супалі зацікаўленні Карла ІХ (пазбавіцца канкурэнта) і каралевы-удавы: шукаць для Генрыха трону па-за межамі Францыі. І калі рухнулі планы на шлюб апошняга з Елізаветай Англійскай, погляды французскай каралеўскай сям’і звярнуліся да Рэчы Паспалітай, дзе паміраў кароль і вялікі князь, апошні Ягайлавіч, Жыгімонт ІІ Аўгуст  (1.08.1520-7.07.1572).

 

І ў 1572  г., незадоўга да смерці апошняга, на кракаўскі двор выправілася французскае пасольства Жана дэ Баланьі, з прапановай шлюбу Генрыха Валуа з незамужняй сястрой Жыгімонта, “інфантай” Ганнай Ягелонкай. Поспеху яно не мела: да перамоваў з Жыгімонтам, які быў у цяжкім стане, французаў не дапусцілі. Другая дэлегацыя, на чале з дасведчаным дыпламатам біскупам Валенсіі Жанам дэ Манлюкам выправілася з Парыжу 17 жніўня 1572 году, праз дзесяць дзён па смерці Жыгімонта і за тыдзень да Варфаламееўскай ночы (24 жніўня). Крывавыя падзеі ў Парыжы, у якіх, як мяркуе большасць гісторыкаў, быў замцікаўлены не столькі Генрых, колькі яго каралеўскі брат Карл ІХ (пад ціскам ультракаталіцкай партыі братоў дэ Гізаў), моцна абцяжарылі задачу французскай місіі. У Рэчы Паспалітай яшчэ заставаліся уплывовымі пазіцыі пратэстантаў. Сакратар біскупа дэ Манлюка, Жан Шуаснэн, пісаў у Праыж: “Яны нават не жадаюць прыгадваць імёнаў караля, каралевы і прынуа Анжуйскага Генрыха Валуа”.  

 

Тым не менш, у суперніцтве з Генрыхам пазіцыі іншых кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітай, эрцгерцага Эрнэста Габсбурга, сына Максіміліяна ІІ, Івана IV Жахлівага, шведскга манраха Яна (Юхана) ІІІ Вазы (мужа Кацярыны з Ягайлавічаў) і Сцяпана Батуры апынуліся слабейшымі. У выніку галасавання 5 красавіка 1573 г. на выбарчым сойме ў Празе пад Варшавай, дзе ўдзел бралі 50 тысяч магнатаў і шляхты з Кароны і Літвы, абраным апынуўся менавіта Генрых Валуа. Перамога каштавала падпісання французскай дэлегацыяй дэ Манлюка прыгаданых вышэй Генрыхавых артыкулаў і Pacta conventa, якія моцна абмежавалі ўладу будучага караля. Пазней, ужо па прыбыцці Генрыха ў Кракаў пад час каранацыі на Вавелі 21 лютага 1574 г. Генрых быў змушаны зацвердзіць і дакументы, якія гарантавалі правы і свабоды пратэстантаў, пададзеныя яму вялкім каронным маршалам Янам Фірлеям, лідарам пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Ён падтрымаў абранне Генрыха ў красавіку 1573 года менавіта на гэтых умовах. Прыпыніўшы працэдуру, Фірлей заўважыў: Jurabis, rex, promisisti (“Кляніся, кароль, ты абяцаў!”). А паміж элекцыйным соймам увесну 1573 г. і каранацыяй у лютым 1574 г. быў працяглы візіт у Парых у жніўні-верасні 1573 г. дэлегацыі з Рэчы Паспалітай. Генрыха (і Карла ІХ) пераканалі падпісаць Артыкулы…  і Pacta…, хаця такое абмежаванне ўлады манарха цалкам супярэчыла абсалютысцкай французскай традыцыі. У гонар пасольства далі шыкоўны баль – у прысутнасці задаволенай Кацярыны Медычы – адлюстраваны на прыгожым габелене па малюнках Антуана Карона (перад 1580), з серыі гэтак званых “Габеленаў Валуа”. Урачыстае прыбыццё пасольства ў Парыж адлюстравана таксама ў гравюры мастака з Люблінскага ваяводства Антонія Аляшчынскага  (1794-1879), выхаванца Санкт-Пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

 

Закрануўшы тэму прычынаў і варункаў узнікнення ў Рэчы Паспалітай асноваў абмежаванай каралеўскай і вялікакняскай улады, а таксама першых крокаў да замацавання рэлігійнай талерантнасці (якія зафіксуюць пастановы Уладзіслава IV e 1630-164-я гады, у час “залатога спакою”), звернемся да не менш цікавых аспектаў “сутыкнення цывілізацый” паміж Рэччу Паспалітай і Францыяй, справакаванай абраннем у Кракаве Генрыха ІІІ. Падарожжа манарха з Парыжу цягнулася досыць доўга. Генрых не спяшаўся: дадатковай умовай яго абрання на трон Рэчы Паспалітай быў абавязак ажаніцца са старэйшай за яго амаль на 30 год Ганнай Ягелонкай. Таму да прыбыцця ў Кракаў Генрых паспеў завесці бурлівы раман з Марыяй Клеўскай, а таксама з Людавікай Латарынгскай, якая зробіцца ягонай жонкай пасля ўцёкаў з Кракава і вяртання ў Францыю.

 

Прыбыццё ж караля ў Кракаў выклікала ў мясцовым грамадстве сапраўдны культурны шок. Не толькі таму, што ў агромністым “поездзе” Генрыха з 1200 коней, карэт і вазоў апрача багатага майна, прыдворных кавалераў і дам, майстроў і абслугі было нямала “дзяўчат лёгкіх паводзін”. Парыж ужо рабіўся сталіцай моды, а ў акружэнні адукаванага і выпешчанага Генрыха ІІІ тыя асаблівасці выяўляліся надзвычай выразна. Кракаўская публіка (як і прыбылыя для сустрэчы манарха літвіны і палякі з Вялікапольшчы), упершыню ўбачылі прыдворных маладзёнаў у касцюмах, усыпаных каштоўнымі каменнямі, з жабо-брыжамі, нярэдка напудранымі ў блакіт валасамі. Сам Генрых насіў залатыя з бурштынам каралі, а ў вушах – ці можна такое ўявіць – завушніцы, ды яшчэ падвойныя, і з перлінамі-грушкамі! Мужчынская палова гаспадароў паставілася да незнаёмай з’явы пераважна асуджальна, палічыўшы яе “бабскімі праявамі”. А вось жанчыны… пачалі перарабляць старыя і шыць новыя строі – на шчасце, у каралеўскім абозе прыбыў не адзін парыжскі кравец. Пдобная рэакцыя яскрава адбілася ў гісторыі партрэтнага жывапісу Рэчы Паспалітай: калі ў мужчынскіх вобразах мы назіраем трывалае захаванне кунтушова-жупановай традыцыі, то жаночыя мадэлі даволі хутка з канца XVI стагоддзя пераходзяць да еўрапейскай моды.

 

Тыдні і месяды ад лютага 1574 г. аж да ўцёкаў караля ў Парыж у ноч з 18 на 19 чэрвеня цягнуліся для Геныха Валуа марудна. Не надта здольны да кіравання дзяржавай, не знаёмы з польскай мовай, ён нудзіўся на афіцыйных мерапрыемствах. Хаваўся ад просьбітаў у сваіх пакоях, часам па два тыдні прыкідваючыся хворым. Ночы праводзіў, як казала пагалоска – са сваімі дамамі, а як меркавалі больш непрыхільныя – з маладзёнамі міньёнамі. Пісаў незлічоныя лісты сваім французскім каханкам, Марыі Клеўскай нават уласнай крывёю. Замест таго, каб пакрываць,  паводле дамоўленасці ў Pacta conventa, пакінутыя Жыгімонам ІІ Аўгустам пазыкі, наладжваць будаўніцтва флота Рэчы Паспалітай і фундаваць навучанне мясцовай моладзі ў Францыі, свавольна карысаўся казной, прайграючы вялізныя сумы ў карты. Урэшце, Генрых цягнуў са шлюбам з Ганнай Ягелонкай, чакаючы смерці брата і магчымасці вярнуцца на радзіму, каб заняць французскі трон. І дачакаўся. Карл IX адышоў 30 траўня 1574. Вельмі хутка Генрых даведаўся пра гэта ад імператара Максімільяна (14 чэрвеня), а на наступны дзень –  з ліста маці: “для мяне адзіным суцяшэннем будзе ўбачыць вас хутка тут, паколькі вашае каралеўства мае ў тым пільную патрэбу..”. “Францыя і вы, матуля, важней, чым Польшча”, – адказаў Генрых, і ў ноч з 18 на 19 чэрвеня, пасля грандыёзнага піру, дзе паспрабаваў напаіць як след кракаўскі двор, таемна пакінуў Вавель.

 

Безумоўна, была пагоня, кашталян Ян Тэньчынскі нагнаў караля, але той адкупіўся шыкоўным брыльянтам і ніколі не выкананым абяцаннем вярнуцца па ўладкаванні спраў. Шлях у Парыж, дзеля бяспекі, ішоў пераважна праз каталіцкія дзяржавы: у тым ліку праз Венецыянскую рэспубліку. Тыднёвы побыт там, дзе каралю далі скарыстацца славутым святочным караблём “Бучынтора”, адлюстраваўся ў працы мастака Джамбатыста Цьепала “Генрых ІІІ гасцюе ў венецыянскіх патрыцыяў на віле Кантарыні”.

 

Яго чакаў Парыж і каранацыя – пад імём Генрых ІІІ –  11 лютага 1575 г., і шмат іншых, часам трагічных прыгод. Шырока вядомая па не зусім дакладным апісанні ў рамане Аляксандра Дзюма-бацькі “Графіня дэ Мансаро” дуэль яго улюбёнцаў-міньёнаў з прыхільнікамі герцага дэ Гіза 27 красавіка 1578, што пацягнула смерць Жака дэ Леві, графа дэ Келюса і Луі дэ Мажырона, маркіза д’Ампуі. Вынікам яе зрабілася французская і еўрапейская мода на дуэлі – прычым ужо з удзелам секундантаў, а не толькі дуэлянтаў. Няўцешны кароль паставіў загінулым шыкоўны мармуровы надмагільны помнік, спарадзіўшы сярод непрыхільнікаў насмешлівае выслоўе: “парубаць у мармур”. І, нарэшце, няўдалая спроба лавіраваць паміж пратэстанцкай і ультракаталіцкай партыямі, якая скончылася спачатку забойствам братоў дэ Гізаў, а потым і самога апошняга Валуа 2 жніўня 1579 г.

 

На заканчэнне варта прыгадаць, што і Рэч Паспалітая дала Генрыху Валуа новы досвед, з гісторыі матэрыяльнай культуры. Кароль быў моцна ўражаны на Вавелі лазенкамі з падачай халоднай і гарачай вады, якіх не ведалі ў Францыі. Як і сістэмай каналізацыі, што выводзіла нечыстоты за замкавыя муры, прыстасаваннем, вядомай у тыя часы таксама ў Віленскім і Гарадзенскім замках. Хутка па вяртанні ў Францыю кароль загадаў зрабіць тое самае ў Луўры. Нарэшце, упершыню пазнаёміліся французы з відэльцамі, якія ў побыце Рэчы Паспалітай з’явіліся разам з дваром Боны Сфорца. Можна прыгадаць, што гэтая прылада ў руках паслоў Рэчы Паспалітай (прызнаная тубыльцамі д’ябальскай рагаткай) у хуткім часе здзівіла маскавітаў на каранацыйнай учце Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак  ў Маскве ў траўні 1606 г. Але гэта ўжо іншая тэма з гісторыі моды, традыцый, матэрыяльнай культуры і міжнародных стасункаў.

 

 

 

"Мастацтва"
21.10.2016