Вольга Трубач

Калядаванне – адчуць праўдзівы драйв народнага гуляння

9 студзеня жыхары вёскі Краснае мірна глядзелі тэлевізар і рабілі дамашнія справы: маўляў, асноўныя навагоднія святы прайшлі – можна і адпачыць. Але не так тут было:

 “Тупу-тупу на памосце, прыехалі госці.

 Ні старыя, ні малыя, калядачкі маладыя.”

 

Група энтузіястаў, апантаных каляднай ды ўвогуле народнай справай, накіравалася калядаваць. Прапанавалі гэта зрабіць арганізатары вечарыны па Лібава-Роменскай у Маладзечне “Вячоркі”, натхняльнікам быў  Цімох Акудовіч.

Рыхтаваліся ўдзельнікі два тыдні, тэксты песень прапанаваў Цімох Акудовіч.

Большасць калядавала ўпершыню. І ад гэтага было яшчэ больш цікавей. Размеркавалі ролі: Каза (Дзяніс Краўчонак), Доктар (Ганна Кірылічава), Мядзведзь, іх было адразу два: мінскі (Алесь Галкоўскі) і, як мае быць, смаргонскі (Аляксандра Парфянюк), Бусел (Дзмітры Давыдаў), Цыганка (Марыя Шыцік), Баба (Вольга Трубач), Дзед (Цімох Акудовіч), сярод калядоўшчыкаў былі Ганна Шакель, Алег Чырыца, Наста Галкоўская, Андрэй Шыцік. Запявала калядныя песні Алена Мятлюк. Калядоўшчыца, якая несла калядную зорку, Наталля Чырвонцава.

 

Уборы кожны з герояў прыдумляў самастойна, пераважна імправізавалі. Адмысловы касцюм рабілі сабе Бусел, Доктар, Мядзедзі, Каза і Цыганка.

Амаль ва ўсе хаты, у якія мы заходзілі, нам адчынялі дзверы і шчыра частавалі.

 

Запомніўся выпадак, калі трапілі ў хату да цяжкахворай бабулі,  яна запыталася радасна: “Адкуль жа вы ўзяліся? Адкуль прыехалі?”. А мы адказваем: “Ідзём з далёкага краю, з-пад самага раю!” Ох, і заспявалі мы ёй, ох, і паказваў наш Мядзведзь з Смаргонскай акадэміі “цікавыя штукі”: і як баба бялізну мые, і як дзеці ў школу ідуць, і як хлопец да дзеўкі заляцаецца. А Каза так танцавала, што суседзі чулі. Доктар выпісаў адмысловы рэцэпт з пажаданнем 40 разоў паўсміхацца на дзень.

 

Паспявалі, пасмяяліся і вырашылі, што на гэтым спыняцца не трэба, а будзем і надалей раскручваць наша народнае кола.

Накалядавалі мы на багаты стол,  які зладзілі ў музеі традыцыйнай культуры і побыту ў Плябані. Калядоўшчыкам давалі  кілбасы, пячэнне, сала, закаткі, цукеркі і нават гарэлку. За ўтульную пляцоўку шчыра дзякуем дырэктару музея Але Ліхтаровіч.

 

 

"Рэгіянальная газета"
11.01.2016