Вольга Палевікова

Канструюючы архіў

Да 6 траўня ў Кіеве праходзіць унікальная выстава «ZBOR. Рух беларускага мастацтва». Дэ-факта гэта віртуальны музей сучаснага мастацтва з гастролямі, якога не стае ў Беларусі. Мы пагутарылі з адным са стваральнікаў праекту, мастаком Сяргеем Шабохіным, пра сутнасць гэтага праекту і яго будучыню. А таксама зрабілі адмысловую галерэю з усімі працамі, прэзентаванымі на выставе, і кароткаю гісторыяй іх стварэння – каб пагрузіцца цалкам, давядзецца наведаць ZBOR у якім-небудзь з еўрапейскіх гарадоў.

Слова Сяргею Шабохіну, мастаку, куратару, сузаснавальніку даследчай платформы kalektar.org:

 

– Пасля досведу стварэння сайту ArtAktivist мне захацелася зрабіць партал, дзе можна было ў спакойным рэжыме займацца даследчаю працай. Я распавёў пра гэтую ідэю Сяргею Кірушчанку, які ў гэты час маніфеставаў неабходнасць з'яўлення ў Беларусі музею сучаснага мастацтва, потым падцягнуўся Лёша Барысёнак, яшчэ некаторыя людзі – і ўсе падтрымалі ідэю стварэння даследчай платформы, якая ў будучыні прывяла б да запачаткавання паўнавартаснага музею сучаснага мастацтва. Раз нашыя музеі не выконваюць гэтай задачы, працу трэба браць у свае рукі. Да таго ж для гэтага ёсць усе чалавечыя рэсурсы: эксперты, мастацтвазнаўцы.

 

Вынікам нашай працы стала даследчая платформа kalektar.org і адмысловы рэсурс ZBOR. Мы апыталі каля 40 экспертаў аб тым, якія творы, імёны, з’явы яны б уключылі ў музей сучаснага мастацтва, калі б ён з’явіўся ў Беларусі. Спіс атрымаўся вельмі вялікі, эксперты адмыслова склалі яго так, каб як мага больш мастацкіх стратэгіяў і пакаленняў былі ў ім рэпрэзентаваныя. Затым рада з шасці чалавек (Таццяна Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Андрэй Дурэйка, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў, Лена Прэнц) абрала 40 твораў, пра якія мы ствараем артыкулы, – мы адмыслова вырашылі казаць пра творы, а не пра мастакоў, каб больш паглыбіцца ў кантэкст і паказаць тыя работы, якія зрабілі найбольш сур’ёзны ўнёсак у развіццё беларускага мастацтва. Тут кожная праца – ключавая, немагчыма вылучыць 3–4 галоўныя, яны ўсе адна адную дапаўняюць.

 

Пакуль я працаваў над гэтым праектам, у Беластоку праходзіў практыку Паша Праабражэнскі. Там мы разам з Монікай Шэўчык, дырэктаркаю мясцовай галерэі «Арсенал», вырашылі зрабіць выставу па выніках нашай працы. Гэтак з 28 жніўня да 8 кастрычніка 2015 года ў Беластоку прайшла першая выстава ZBOR, якая выглядала як паўнавартасны музей: была відэазала і мноства дадатковых экранаў, кожны мастак быў рэпрэзентаваны скарочанымі тэкстам, дзвюма рэпрадукцыямі, а некаторыя і арыгіналамі. Шмат якія эксперты, што прыязджалі, не стрымлівалі пачуццяў, гаварылі, што мы за чатыры месяцы зрабілі вялікую працу, тую, што дзяржаўны музей у Менску мусіў зрабіць цягам 20 гадоў. Куратарам гэтай выставы разам са мною выступіў Сяргей Кірушчанка.

 

Другая выстава «ZBOR. Рух беларускага мастацтва» адкрылася 31 сакавіка 2016 года ў Кіеве ў прасторы «Ізаляцыя», яна будзе доўжыцца да 6 траўня. Канцэпцыя, 40 твораў і тэксты, засталася нязменная, але кожны раз выстава мусіць мяняцца, таму гэтым разам мы запрасілі іншых куратараў – Андрэя Дурэйку і Максіма Тымінько. Дурэйка – архіватар, вельмі скрупулёзны, ён вельмі даўно збірае архівы працаў беларускіх мастакоў, і ягоны ўплыў на наш архіў агромністы. Тымінько – мастак мультымедыйны, першы відэамастак у Беларусі, вельмі магутны, сярод іншага, працаваў з Церахавым, эстэтыка кліпаў «Капітал» – гэта ў тым ліку ягоных рук справа.

 

Выстава дзеліцца на дзве часткі. Першая – гэта 10–11 сценаў у вузкіх калідорах, на якіх вывешаныя рэпрадукцыі, тэксты і працы, гэта стварае атмасферу музейнага складу. Для другой часткі Тымінько падрыхтаваў велізарны экран, на якім цягам 2,5 гадзіны дэманструецца прэзентацыя пра ўсіх мастакоў. Што асабліва каштоўна: тыя работы, якія было магчыма, ён паказаў у арыгінальным памеры, 1: 1, дакладна падлічыўшы па памеры экрану. Гэта значыць, глядач можа зразумець, як на яго ўздзеяла б праца, калі б яна вісела перад ім на белай сцяне.

Выстава пакідае вельмі моцнае ўражанне. Калі ў Беластоку было адчуванне, што, вось, музей, які мы страцілі, мы яго нарэшце сабралі ды ён існуе, то ў Кіеве ты разумееш, што гэта адзіны магутны фонд, неверагодная кансалідацыя мастацкай супольнасці. На адкрыцці было шмат беларускіх экспертаў, і шмат якія ўжо рэальна расчуліліся. Усіх уражвала нашае адзінства, гэтага няма, напэўна, у ніводнай краіне былога Усходняга блоку.

 

Чаму нас запрасілі ў Кіеў? Бо ва Украіне такой даследчай працы таксама не праводзілі, і фонд «Ізаляцыя» цяпер хоча гэты досвед паўтарыць. У выставы «ZBOR. Рух беларускага мастацтва» будуць вялікія гастролі, мы будзем катаць яе па Еўропе і штораз запрашаць новых куратараў. Упэўненыя, што мы даможамся і таго, каб выстава прайшла ў Беларусі ў поўным аб'ёме, але пакуль што гэта немагчыма. І, вядома, праект толькі пачынаецца, таму пасля першых 40 твораў мы працягнем пашыраць архіў.

«ZBOR. Канструюючы архіў» (першая прэзентацыя: 28 жніўня–8 кастрычніка 2015 года; галерэя «Арсенал» у Беластоку, Польшча) – маштабны даследча-экспазіцыйны праект, які прэзентуе 40 выбраных твораў беларускіх мастакоў, створаных з 1980-ых да 2014 года. Усе выбраныя творы – адныя з ключавых выказванняў, якія вызначылі ў той ці іншай ступені развіццё розных кірункаў беларускага сучаснага мастацтва».

 

 

Фота: Андрэй Дурэйка

 

 

"34mag.net"
02.05.2016