Аляксей Хадыка

Ларыса Фінкельштэйн. Амаль дэтэктыўная гісторыя.

5 катрычніка 2016 г. першай беларускай аўтарскай  некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі “Брама” – споўнілася 25 год. У гэты ж час у Балоньі ў галерэі “ARTEBO” падыходзіла да заканчэння выстава аб’ёмнага тэкстылю і пластыкі з металу “Дыялог скульптур. Італьянскі экзэрсіс”, якой завяршаўся чарговы, V Міжнародны плэнер, зладжаны той самай “Брамай”. “Мастацтва”  (Аляксей Хадыка) гутарыць пра гісторыю, сучаснасць і будучыню легендарнай галерэі з яе заснавальніцай і нязменным кмраўніком Ларысай Фінкельштэйн.

 

 

Л.Ф.: Сапраўды, “Браме” – чвэрць стагоддзя, і можна было б ліць звычайны юбілейны елей – як такая галерэя, без столі, полу і рахунка ў банку пражыла такі, амаль крытычны тэрмін – не кожны тэатр столькі вытрымлівае. Але я хачу распавесці пра іншае. Магчыма, галерэя цікавая як мастацкая і творчая з’ява, але яшчэ болей яна адметная як своеасаблівы дэтэктыўны феномен.  Усе нашыя выставы былі не проста выставы, а як бы трылеры. Пачнем з пачатку.  У 1991 г. у Маскве ў Манежы павінна была адбыцца вялікая выстава “Арт-Міф 2”, другая з серыі, а ў першай беларускія мастакі не ўдзельнічалі. Раптам да мяне звярнуліся нашыя аўтары дэкаратыўнага мастацтва, якіх я заўсёды апекавала, даказваючы ўсяму свету, што яны самыя таленавітыя і цікавыя. Спрабавала захоўваць за імі залуПалаца мастацтва на Казлова, 3, дзе я працавла, каб яе не аддавалі пад іншыя віды мастацтва. І яны запыталіся: чаму ж мы не ўдзельнічаем у прэстыжных міжнародных выставах? А фарматам “Арт-Міфа 2” было прадстаўленне галерэй – давайце тады “прыдумаем” галерэю, сказалі мастакі.

 

Што ж такое – “прыдумаць” галерэю? Пачалося ўсё з адметнай, беларускай назвы – “Брама”. А брама – гэта рама на мяжы беларускага і сусветнага мастацтва, мяжа паміж пакаленнямі, відамі мастацтваў, тылямі, накірункамі. Гэта – праход, зняцце абмеэаванняў. Скажам, напрыклад, паміж Беларуссю і Японіяй: так стварылася выстава “Зіма – японскія гравюры” Ілоны Барадулінай… Але то было пазней, а зараз, нарадзіўшы канцэпцыю і прыдумаўшы назву, мы патэлефанавалі ў Маскву і прапанавалі аргкамітэту выставіць наш збор дэкаратыўнага мастацтва. Тут высветлілася, што ў фармаце выставы 1991 г. прадугледжана экспанаванне толькі станковых твораў. Давялося пераконваць, што нашае дэкаратыўнае мастацтва зусім не саступае станковаму.  Дапамагло тое, што з сябрамі аргкамітэту мы былі знаёмыя па агульнасаюзнай установе – Дырэкцыі выстаў. Мы дамовіліся (хаця каталог “Арт-Міфа” быў ужо ў друку ў Парыжы), што я збіраю работы, дапоўніўшы іх часткаю станковых твораў, і вязу іх у Маскву. Пашчасціла яшчэ ў тым, што знайшоўся прыватны спонсар, і прынёс мне проста ў Палац мастацтва гатоўкаю 15.000 рублёў, вялічэзную на той час суму (ніколі столькі не трымала ў руках), неабходную для рэгістрацыйнага ўзносу ў Маскве. У выніку, сабраўшы работы 31 мастака (звычайна па 2 у кожнага), і зрабіўшы слайды, я выправілася ў Маскву. Давялося пераадолець яшчэ некалькі перашкод. Па-першае, гатоўкаю грошы аргкамітэт не браў, але тут масквічы дапамаглі. Мы паспелі адправіць слайды для друку ў Парыж. Высветлілася таксама, што для прадстаўлення калекцыі “Брамы” на выставу неабходна мець статус юрыдычнай асобы. Пасля няўдалай спробы, калі ў спешцы я дамовілася з нейкімі авантурыстамі, якія спрабавалі замест мяне аўтарам канцэпцыі прадставіць іншую асобу, мне пашанцавала. Дапамог Павел Жыгімонт, супрацоўнік Альтэрнатыўнага тэатра. Ён вывеў мяне на Ўладзіміра Сарокіна, тэлевізіёншчыка, які працаваў пры беларускім Чырвоным Крыжы. І “Брама” атрымала не толькі юрыдычную апору, але і дадатковыя сродкі для завяршэння працы над экспазіцыяй у Маскве. Заставалася апошняе: як размесціць 60 работ на “Арт-Міфе 2” у выставачным боксе ў 20 квадратных метраў?  Але рабіць няма чаго, і, разам з Генадзем Шульманам, на той час шоумэнам-пачаткоўцам (заснавальнікам “Клас-Клуба” ) і мастаком Аляксандрам Зіменкам, мы выправіліся ў Маскву. Нашыя творы мы выставілі шчыльна, як змаглі. Але прыгоды яшчэ не скончыліся. Ужо ўначы напярэдадні выставы ў наш павільён завітаў старшыня аргкамітэту, вядомы мастацтвазнавец Георгій Нікіч. Здзівіўшыся якасці прывезеных работ – і адначасова недастатковасцю прасторы, ён ласкава прапанаваў нам … выйсці з бокса на знешнія сцены. Тое, што фактычна было амаль немагчымым, бо знешнія сцены – месца для рэкламы спонсараў. І так, з трох ночы  да адзінаццаці раніцы, да адкрыцця, мы, змучаныя, але шчаслівыя, перамяшчалі, змянялі ўсю экспазіцыйную схему. Затое працы беларускіх мастакоў апынуліся ў самым цэнтры выставы, на якой былі прадстаўлены каля 70 галерэй. Палова – замежнікі: французы, італьянцы, балгары, англічане, вядомыя маскоўскія калекцыі – галерэя Айдан Салахавай, “Маскоўская палітра”. Прысутнічаў знакаміты калекцыянер і галерыст Марат Гельман,  які мяне па магчымасці “настаўляў”, бо яго экспазіцыя была побач,  Ніно Геташвілі з Тбілісі прадстаўляла жывапіс Параджанава. Скакаў па Манежы на кані, нагадваючы пра былое прызначэнне памяшкання, знакаміты маскоўскі акцыяніст і мастак Алег Кулік, з якім мы перад тым (1988) рабілі выставу “Ад лубка да інсталяцыі” … І атрымалі па шапцы ў “Советской Белоруссии”, што мы, маўляў, як нейкія вычварэнцы,  як Кандзінскі з Малевічам…

 

Так і нарадзілася мая “Брама”, без “Арт-Міфа 2”, які прайшоў для нас нечакана бурліва і паспяхова,  яе б ніколі не было. І хаця досведу не хапала (скажам, мы не наважваліся прадаваць работы, – апрача твору Радзівонава), аднак, беларуская экспазіцыя прыцягвала ўвагу журналістаў. І… нас паказаў “Взгляд” – хвілін 5, для іх гэта вялікі эфір! Потым – “ТВ-галерэя”,  яркая перадача пра самае авангарднае мастацтва.

 

І мы вярнуліся ў Мінск знакамітымі. І ў “Браму” – да мяне дамоў, пацягнуліся мастакі, прапаноўваючы супрацоўніцтва. А ў Маскве, яшчэ пад час “Арт-Міфа 2” мы пасябравалі з масквічамі, піцерцамі, малдаванамі, крымчанамі – усімі галерэямі і галерыстамі, якім спадабалася канцэпцыя: мастацтва на сутыкненні дэкаратыўнага і станковага. Безумоўна, канцэпцыю часткова падказала патрабаванне аргкамітэта “Арт-Міфа 2”. Але яна вітала ў паветры: я даўно заўважыда вялікую меру станкавізацыі нашага дэкаратыўнага мастацтва, яго глыбіню, сур’ёзнасць, праблемнасць – тое, што раней амаль не выяўлялася ў творах з керамікі і шкла. У той жа час адбываўся сустрэчны цікавы рух – станковае мастацтва рабілася больш дэкаратыўным, абстрактным… І народжаную на акрэсленым сутыкненні відаў мастацтваў канцэпцыю я імкнуся ўтрымліваць усе 25 год існавання галерэі. Пры тым, што кожная выстава, паказ маюць сваё аблічча.

 

Такім чынам, “Брама” – аўтарская, некамерцыйная, канцэптуальная. Апошняе – не таму, што “Брама” займаецца канцэптуальным мастацтвам, а таму, што спачатку кожны раз нараджаецца канцэпцыя (аўтарская), і толькі потым выбудоўваецца экспазіцыя: падшукваюцца творы і мастакі.

 

У наступным 1992 г., калі на постсавецкай прасторы зрабілася нарэшце магчымым “быць яўрэем”, я арганізавала выставу “Яўрэі: мастакі і персанажы”. Была цэлая серыя выстаў, а ў 1993 г. наш урад вырашыў ушанаваць 50 гадавіну расстрэлу мінскага гета маштабнай праграмай “Кадзіш-Жальба” – з удзелам тэтраў, кіно, музычных калектываў. За частку з выяўленчым мастацтвам першапачаткова мусіў адказваць Мастацкі музей.  І раптам на пасяджэнні аргкамітэту мастак  Май Данцыг, прапанаваў “альтэрнатыўны варыянт” – галерэю “Брама”. Парушэнне субардынацыі, скандал! Але адмовіцца не атрымалася, маладых яўрэйскіх мастакоў, якіх не было ў калекцыі Музея, я сапраўды экспанавала… Паўстала пытанне пра назву выставы. І тут Май Вольфавіч выказаў ідэю: “Ад Марка Шагала да Мая Данцыга”! На маю рэзонную рэпліку, што дзеля такой афішы трэба спачатку памерці, Данцыг дужа пакрыўдзіўся…  У выніку, на чапговым пасяджэнні аргкамітэту, якое на той момант вёў Анатоль Бутэвіч, Данцыг такі агучыў сваю прапанову. Пасля нямой сцэны, як у “Рэвізоры”, Анатоль Бутэвіч міралюбна запытаўся: “А што, пасля Данцыга – нікога няма?” Так прайшла мая назва: “Ад Марка Шагала ў мінулае і сучаснасць. ХІХ-ХХ стагоддзі”. І пачалася праца над выставай, якая ў выніку прайшла ў Палацы мастацтваў. Туды трапілі проста выдатныя работы: Любоў Базан перадала 4 літаграфіі Шагала, якія ў Віцебск падараваў адзін шагалазнаўца – і гэта быў першы паказ прац Шагала ў Мінску. Дырэктар Віцебскага музея Іна Холадава прадставіла падборку віцебскай школы. З Магілёўскага музея – нечакана, бо пра іх наяўнасць мала хто ведаў – прывезлі партрэтныя малюнкі Фалька.  Дачка Іллі Эрэнбурга з Масквы і ўдава рэжысёра Рыгора Козінцава абяцалі даць тое, чаго ад часоў Шагала ў Беларусі не было – яго жывапісныя працы. І тут над выставай пачалі сыходзіцца хмары… Хто будзе ахоўваць экспазіцыю? Ці будзе АМАП? З АМАПам дамовіцца ўдалося. А юрыдычным апекуном выставы выклікаўся быць Юры Хашчавацкі, які на той час працаваў у прыватным Фондзе дапамогі развіццю культуры (заснаваным прадпрымальнікам Зусмановічам). Ён жа абавязаўся прадаставіць рахунак для збору спонсарскіх сродкаў і машыну з ахоўнікам, каб забраць абяцаныя творы ад маскоўскіх і піцерскіх калекцыянераў. На жаль, машыны ад Фонду мы не дачакаліся, як і тэхнічнай дапамогі па дастаўцы нават тых работ, што атрымалі для выставы ў Беларусі, а прапанавалі іх нам багата. Выкручваліся самастойна. Выстава мела надзвычайны поспех, а калі міністр замежных спраў Пятро Краўчанка  прывёз на яе з Нью-Ёрку дэлегацыю равінаў, тыя прапанавалі любыя грошы на выданне альбома-каталога.  Але ізноў, той самы Фонд сарваў працы па яго падрыхтоўцы, як і аплату ахове і рабочым з Мастацкага камбінату, што мантавалі экспазіцыю. Збіраць грошы давялося самой: часткова з мамінай пенсіі, часткова за кошт дабразычлівасці міністра Пятра Краўчанкі. І ў гэтым быў той самы смак ліхіх дзевягостых, як і горкая асалода працы недзяржаўнай галерэі. Сярод прыемых момантаў той выставы адзначу адкрыццё мінскай публіцы магутнага жывапісу Ізраіля Басава (1918-1994), мастака, якога амаль не экспанавалі перад тым. І яго творы, фактычна персанальны паказ у двух боксах, прыцягвалі ўвагу нават болей, чым работы Шагала і Фалька. Годам раней мне пашчасціла дапамагчы выставіць яго працы ў Маскве, на выставе “Дыяспара” ў Новай Траццякоўцы – і агульны культурны шок выказаў буйнейшы расійскі спецыяліст Аляксандр Марозаў: “Скажыце, дзе вы хавалі такога выдатнага мастака?” Адкрыццё  Ізраіля Басава дапамагло мне ў 1994 г. выступіць на міжнародным сімпозіуме “Мастацтва яўрэяў свету” ў Ерусаліме з даклкдам “Мастакі-яўрэі Беларусі”.

 

Цікавым эпізодам ранняй гісторыі “Брамы” зрабілася выстава “Камень і лёс”, у Музеі Беларускай ваеннай акругі ў 1992 г.. У вельмі утульнай і прыгожай, з вітражамі, зале Музея мы прадставілі працы з каштоўных і паўкаштоўных камянёў мастакоў з Екацярынбургу – каменні мне таксама давялося везці самастойна, дрыжучы ад страху і апрануўшыся як прасцей, каб не прыцягваць увагу. Упершыню ў экспазіцыйнай дзейнасці ў Беларусі ўдалося ажыццявіць падыход “выстава для ўсіх” – гучала музыка XIV-XX стагоддзяў, інтэр’ер упрыгожваў фітадызайн, выкарыстоўваліся пахі і нават прапаноўваліся каментары па адпаведнасці камянёў знакам Задыяку прысутнага астролага.  У выніку я атрымала запрашэнне наведаць Германію ад вядомай нямецкай мецэнаткі з Майнца, Карлы Аурых. Бесцырымонна і нефармальна прабіўшыся на прыём да дырэктара Мастацкага музея ў Боне і паказаўшы яму слайды работ зноў-такі майго улюбёнага Басава, дамаглася арганізацыі абменных выстаў паміж Бонам і Мінскам беларускіх і нямецкіх мастакоў.

 

У 1994 г. адбыўся Першы Шагалаўскі пленэр у Віцебску, і дырэктар Віцебскага музея Іна Холадава запрасіла “Браму”  узяць у ім ўдзел асобнай экспазіцыяй. Распрацаваная мною канцэпцыя называлася “Бяседы з Шагалам”: мелася на ўвазе даць выказацца розным жывапісцам, што працавалі ў духу вялікага майстра. Аднак тут адгукнуўся мой нядаўні канфлікт  з Маем Данцыгам: ягонымі намаганнямі (і рукамі намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылаткі) “Браму” з праграмы фестывалю выкрэслілі. Але чым вызначаецца здольнасць прыватнай галерэі да выжывання? Я сумавала нядоўга, пераназвала праект “Бяседы з Шагалам перад зачыненымі дзвярыма на Першы Шагалаўскі пленэр” і ў дзень адкрыцця Пленэра адчыніла сваю выставу ў галерэі Alter ego Мінскага лінгвістычнага універсітэта. Наталяючы пакрыўджаны гонар вялікую колькасць буклетаў “Бясед…” мы раздалі на мерапрыемствах Пленэра ў Віцебску.  У адказ, арганізатары адмянілі запланаваную для прыезджых мастакоў экскурсію ў Мінск.

 

Безумоўна, першапачатковы этап станаўлення галерэі быў самы цікавы і самы дэтэктыўны. Паступова заваяваўшы імя і прызнанне мы пачалі атрымліваць запрашэнні на самыя разнастайныя дзяржаўныя і недзяржаўныя мерапрыемствы. На Міжнародныя фестывалі жаночага кіно (1995, 1996, 1997 гадоў) у кінатэатры “Масква”, на кінафестывалі  “Лістапад”  – I, V, X і XVIII, фестывалі джаза і блюза (“Блюз жыве ў Мінску”, 1998, які рабіў Генадзь Старыкаў з “Верасоў” у кінатэатры “Кастрычнік”). Потым – на ўдзел у Першым і Шостым Фестывалях нацыянальных культур. Знакавай падзеяй зрабілася экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы “Брама… з канца тысячагоддзяў”, якая адбывалася як частка вялікай урадавай праграмы “Terra incognita Belarus”, пасля чаго мы арганізавалі пленэр для студэнтаў з еўрапейскіх краін на Браслаўскіх азёрах. Супольна яны ткалі габелен міра, выраблялі тады яшчэ рэдкую чорназадымлёную кераміку раку, падобную да традыцыйных вырабаў з Поразава.

 

У 2000 г. прайшоў важны праект “Паўстагоддзя са стагоддзем” – мне споўнілася 50, і я вырашыла зрабіць выставу пакалення, сабраўшы па аднаму лепшаму мастаку розных відаў мастацтва 1950 года нараджэння – жывапісцаў, керамістаў, габеленшчыкаў, графікаў, плакатыстаў, скульптараў, металістаў. Як прыватнаму галерысту прабіцца на плошчы Палаца мастацтваў мне заўсёды было цяжка,  але – чарговы дэтэктыў – свой выставачны тэрмін, як падарунак на дзень нараджэння, мне саступіў Леанід Рыжкоўскі.

 

Скажу некалькі словаў пра канцэптуальныя выставы 2000-х гадоў. Апошняй экспазіцыяй у старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі (дзе я ладзіла паказы неаднаразова) была “Фактура”, – 50 мастакоў з усёй  Беларусі, і работы кожнага, манахромныя, дэманстравалі вобразафармуючую ролю фактуры як аднаго са сродкаў выразнасці.

 

Наступны крок – асобнае, самастойнае экспанаванне твораў мастацкага металу на кінафестывалі “Лістапад” у 2011 г. Ідэя “Разумнага металу” выспявала не адзін год. Нарэшце, Рада Саюза мастакоў зацвердзіла маю ідэю, запланаваўшы выставу на лета 2014 г. ў вялікай зале Палаца мастацтва. Разумею, тут была свая інтрыга: мала хто верыў, што вялізную плошчу можна якасна напоўніць працамі мастакоў-металістаў. Аднак, мне удалося сабраць 103 аўтары, – і не па адной працы ад кожнага. Але выставу ў Палацы за 10 дзён да адкрыцця адмяніла кіраўніцтва СМ, нават не даўшы прагаласаваць Радзе, з той смешнай прычыны, што не ўсе экспаненты з’яўляліся сябрамі Саюза.  А ў спісе былі вядомыя дызайнеры, таленавітыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў, скульптары-станкавісты і манументалісты, якія ўжо мелі досвед удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных групавых экспазіцыях. Давялося шукаць выйсце, і яно знайшлося ў кастрычніку 2014 г. у выглядзе галерэй “Ракурс” і “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі.

 

Назаву сёння знакамітых майстроў, якія дэбютавалі ў “Браме”. Ганна Балаш і Маша Капілава ўпершыню выстаўлялі ў нас свае лялькі, Марына Бацюкова прыйшла да нас з творамі з мастацкай скуры, Рышард Май – з жывапісам, Ігар Каплуновіч – з габеленамі, Генадзь Гурвіч – з жывапісам, графікай і інсталяцыямі, Уладзіслаў Стальмахаў і Абрам Куцікаў – з жывапісам, а таксама Наталля Жыгамонт, Людка Сільнова… У нас адбылася першая персанальная выстава  Уладзіміра Акулава…

 

Напрыканцы спынюся на пленэрах аб’ёмнага тэкстылю, якімі я займаюся апошнім часам.  Я даўно марыла “адарваць” тэкстыль ад сцяны, зрабіўшы яго аб’ёмным, скульптурным. Першая, і ўдалая, спроба (“Эксперыментальны тэкстыль”) адбылася ў 1988 г., але тады яна не мела працягу. І толькі ў 2012 г. мне ўдалося “падбіць” мастакоў на мазгавы штурм, зрабіць хуткі плэнэр у дворыку Палаца мастацтваў – “Метафары і метамарфозы”. На наступны год  тамсама мы паўтарылі пленэр, і гэты, другі, назвалі “Гульні з дажджом”, бо нам ізноў “шанцавала” з нашым беларускім надвор’ем: безупынна ліло з неба.  Цяпер ужо ўсе творы былі скульптурай.  ІІІ пленэр, “Снежнае лета” (2014 ) – спроба зрабіць скульптурнасць тэкстылю яшчэ больш пераканаўчай, каб ён прамаўляў формай, фактурай, лініяй контураў, дзеля чаго я прапанавала пакінуць толькі адзін колер, белы. Дадаліся замежныя віртуальныя ўдзельнікі (Чылі, Польшча, Расія), працы якіх паказваліся ў слайд-шоў. І нават тое, што нас не пусцілі ў Палац мастацтваў, пайшло на карысць: адчыніўшыся ў Смалявічах, з выставай мы аб’ехалі музеі ўсіх абласных цэнтраў. Знікла боязь перамяшчацца ў прасторы, таму IV пленэр, “Размовы ў зялёных” (2015, адпаведна манахромныя работы вытрыманы ў зялёных танах)  адбываўся ў Славакіі, у горадзе Спішска-Нова-Вес. Вярнуўшыся ў Беларусь, мы зноў наведалі ўсе беларускія мастацкія музеі і фінішавалі ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі. У бягучым годзе мы правялі V юбілейны пленэр – “Дыялог скульптур. Італьянскі экзерсіс” (Чырвонае/Чорнае) у Балоньі, у Італіі. Тэкстыльная скульптура падрасла, пасталела, і вырашыла паразмаўляць са сваімі калегамі, скульптурай з металу. Чырвонае – з чорным. А беларускія мастакі – з мастакамі італьянскімі. Так маё захапленне металапластыкай сустрэлася з любоўю да тэкстыльных кампазіцый.  Што з гэтага атрымалася – у хуткім часе можна будзе пабачыць у Мінску.

 

На заканчэнне Ларыса Фінкельштэйн выказала ўдзячнасць тым, хто на працягу гісторыі “Брамы” станавіўся на яе шляху, рабіў яго цярністым і дэтэктыўным, змушаючы галерэю выжываць, мацавацца, шукаць новыя творчыя ракурсы і магчымасці. Per aspera ad astra

 

 

"Мастацтва"
21.10.2016