Аксана Ярашонак

“Стшэльцы”: як жыла моладзь на Ільяншчыне ў 30-я гады мінулага стагоддзя

Напярэдадні 19 мая – колішняга Дня піянерскай арганізацыі – задумалася: а ў якіх аб’яднаннях бавіла  час моладзь вёскі Ілья да 1939 года? Піянеры і камсамольцы, адпаведна лінейкі, сходы, зборы металалому, з’явіліся тут толькі пасля верасня 1939. А да гэтага часу? Няўжо не было ніякіх арганізацый? Моладзь на тое і моладзь, каб імкнуцца да нейкіх згуртаванняў, да сумеснага баўлення часу…


Моладзь Ільяншчыны ў 30-я гады 20 стагоддзя. Фота з архіва школьнага народнага музея “Ільянскія далягляды”.

Як расказалі мае землякі і экспанаты школьнага народнага музея “Ільянскія далягляды”, такое аб’яднанне было.

 

Яшчэ ў  1919 годзе ў Польшчы быў створаны дзяржаўны моладзевы саюз “Стральцы”, ці “Стшэльцы”. А з уваходам заходняй часткі Беларусі ў склад Польшчы ў 1921 годзе дзейнасць арганізацыі разгарнулася і ў нашай мясцовасці.

 

Захаваліся імёны некаторых ільянцаў-членаў арганізацыі: Марыся Мяховіч, Алена Вайцяхоўская, Вінцэнт Будай, Эмілія Будай, Янэк Шавярноўскі, Вольга Верамей і іншыя.

 

Хто ж працаваў у 30-я гады з моладдзю ў Ільі? Захаваліся толькі два прозвішчы: Акуноўскі і Каласоўская. Хто такі Акуноўскі, высветліць не ўдалося, а Каласкоўская была жонкай ільянскага адваката. Сведкі ўспамінаюць яе як чарнявую, прыгожую, заўсёды з густам апранутую жанчыну. У “стшэльцах” яна займалася выхаваннем дзяўчат.

 

– У 1930-я гады яшчэ толькі ўваходзілі ў моду лыжы. Каласоўская вучыла сваіх выхаванцаў катацца з горкі. Я сам у “стшэльцах” не быў, бацька забараняў, не любіў ён гэтых “стшэльцаў”, але з многімі хлопцамі і дзяўчатамі я сябраваў і не раз хадзіў катацца з імі на лыжах з высокай гары ў вёсцы Дварэц, – прыгадвае жыхар вёскі Ілья, 98-гадовы Іван Пятровіч Рудніцкі.

Май, 1933 года. Выцечка ў вёску Уладыкі да магілы паўстанца К.Каліноўскага

У арганізацыю прымалі моладзь з 18 гадоў. Уступаючы, маладыя людзі атрымлівалі членскі білет і форму, падобную да ваеннай.

 

Па словах Івана Пятровіча, большасць “стшэльцаў” прафесійна займалася спевамі, стварылі хор. Спявалі па-польску, радзей – па-беларуску. Прыкладна ў 1934-1935 гадах у Вілейцы адбыўся конкурс песень, дзе ўдзельнічалі “стшэльцы” з усяго павета. Ільянская моладзь атрымала там першае месца.

 

Важным накірункам дзейнасці быў спорт. Маладыя людзі займаліся валейболам, яздой на лыжах, стральбой, лодачным спортам.

Традыцыйным для арганізацыі было святкаванне Дня польскай Канстытуцыі 3 мая. У гэты дзень “стшэльцы” ў параднай форме збіраліся каля ільянскага касцёла, які дзейнічае і сёння, і ладзілі паказальныя выступлені: скакалі на конях, махалі шашкамі.

 

Іван Пятровіч Рудніцкі прыгадаў, як у 1930-х гадах у вёсцы Краснае ад імя “стшэльцаў” ўручылі карабіны прадстаўнікам Войска Польскага. Карабіны купілі на грошы, сабраныя ільянцамі. У Краснае “стшэльцаў” з карабінамі прывёз на сваёй машыне, ці “моторувцы” абадоўскі пан Мечыслаў Багдановіч. Мерапрыемства доўжылася некалькі дзён: моладзь гуляла ў валейбол, прыгожа маршыравала. Польскія вайскоўцы добра ўсіх кармілі, а старэйшых нават частавалі півам.

На высокім узроўні было патрыятычнае выхаванне. У маладых людзей развівалі цікавасць да гісторыі  краю не толькі ў час лекцый, але ў час турыстычных падарожжаў. Частымі былі экскурсіі, якія называлі “выцечкі”,  да слаўных мясцін Ільяншчыны. Захаваўся фотаздымак, дзе каля 30 членаў арганізацыі ў маі 1933  года наведалі магілу паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў вёсцы Уладыкі.

 

Мела месца і своеасаблівае міжнароднае супрацоўніцтва. У 1932 годзе да ільянскіх “стшэльцаў” прыязджалі харцары – аб’яднанне дзяцей 8-16 гадоў з Варшавы, і моладзь з Румыніі.

 

Для дзяцей 11-16 гадоў існавала іншае аб’яднанне – “стшэльчыкі”. Але гісторыя яго дзейнасці яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.

 

Вядома,  мэта ў “стшэльцаў” была не самая лепшая – апалячванне мясцовага насельніцтва. Але  іх дзейнасць, уменне ўжо на той час прафесійна і сістэмна працаваць з моладдзю заслугоўвае нашай цікавасці і ўвагі.

 

Відэа Аксаны Ярашонак. Фота Аксаны Ярашонак і з архіва школьнага народнага музея “Ільянскія далягляды”.

 

 

"Рэгіянальная газета"
20.05.2016