Дзяніс Марціновіч

Трыумф і трагедыя Паўла Дубашынскага

2 красавіка 2000 года любімец гледачоў Купалаўскага тэатра, народны артыст Беларусі Павел Дубашынскі добраахвотна сышоў з жыцця. Што стала прычынай такога жахлівага рашэння? Чаму побач не аказалася ні сяброў, ні калег? Пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага акцёра “Народнай Волі” расказала яго дачка Ірына Дубашынская. 

 

 

“Прыйшла сапраўдная галеча. Маці нават пазычала хлеб у бліжэйшым прадуктовым магазіне”

 

– Трагедыя пачалася з Чарнобыля. Калі адбылася катастрофа, кіраўніцтва тэатра (дырэктарам тады быў Іван Вашкевіч) адразу адправіла лепшых акцёраў у Мазыр. Напрыклад, Віктар Тарасаў, Галіна Макарава і мой бацька ігралі ў спектаклі “Вечар”. Трэба было прадэманстраваць мясцовым жыхарам, што ўсё цудоўна, што небяспекі няма. Пра здароўе саміх акцёраў ніхто не клапаціўся. Праз некалькі гадоў тату праверылі на радыяцыю – і ў яго стаў “зашкальваць” абутак. Пасля вяртання яго ніхто не папярэдзіў, што трэба выкінуць усё адзенне.

 

У 1991 годзе ў бацькі пачаліся праблемы з голасам, з’явіліся хрыпы. Спачатку думалася, што прастуда. Але голас рабіўся ўсё слабей. Бацька звярнуўся да доктара. Той спытаў: “Вы былі ў Чарнобылі?” – “Так”. Доктар сказаў, што ў таты так праяўляецца прамянёвая хвароба... З 1992 года яго пачалі апраменьваць. Паступова з жыццелюбівага, вясёлага чалавека бацька ператварыўся ў адзінокага акцёра, ад якога пакрысе сталі адварочвацца. Пачалося з таго, што яму перасталі даваць ролі. Паступова ён перайшоў на ролі слуг. Я перастала хадзіць у тэатр: не магла на гэта глядзець.

 

– Няўжо ў Купалаўскім тэатры ў яго не было сяброў?

 

– Калі ён быў вядомы, тэлефон літаральна не змаўкаў. Яму тэлефанавалі нават незнаёмыя акцёры, якія не ігралі на сцэне шмат гадоў. Бацька доўга-доўга іх слухаў. Яму здавалася, што яго любілі як чалавека. А высветлілася, што ім захапляліся выключна як народным артыстам, які быў заняты ў рэпертуары. Калі пачалася хвароба, тэлефон замаўчаў.

 

Час ад часу здараліся перыяды палёгкі. І тады бацька стараўся  працаваць напоўніцу, бо вельмі любіў тэатр. Але ці любіў яго тэатр у той перыяд? Вакол панавала атмасфера абыякавасці. Да яго сталі ставіцца вельмі зняважліва. Прывяду вам такі прыклад. У Мінску жыла стрыечная сястра бацькі. Часам ён прыходзіў да яе паразмаўляць. Іншых сваякоў у яго не было, ён застаўся адзіным дзіцём у сям’і. Потым сястра памерла. Бацька, ужо страціўшы голас, прыходзіў да яе сына. Аднойчы той сказаў бацьку: “Што ты прыходзіш на дармаўшчыну?” Прыкладна так яму аднойчы сказалі ў тэатры.

 

– Які жах!..

 

– Пачаўся перыяд трагедый, калі ўсё пачало наслойвацца адно на адно і падводзіць бацьку да страшнага фіналу.

 

У 1990-я гады мы жахліва збяднелі. Я працавала ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі і не магла пахваліцца вялікай зарплатай. Мая маці, актрыса Тэатра юнага гледача, сышла на пенсію. Да таго часу тата часта здымаўся ў кіно, працаваў на радыё. З яго смерці прайшло 16 гадоў, але некаторыя людзі, з якімі я знаёмлюся, дагэтуль памятаюць бацькаў голас. Цікава, што ў 1980-х яго пахваліла адна з замежных радыёстанцый. Назвала лепшым дыктарам, які цудоўна валодае беларускай мовай. Бацька хваляваўся, каб не было праблем і яго не выклікалі да начальства.

 

Дык вось калі яго перасталі запрашаць на радыё і тэлебачанне, прыйшла сапраўдная галеча. У апошнія гады бацькавага жыцця маці хадзіла зімой у туфлях і восеньскім паліто і нават пазычала хлеб у бліжэйшым прадуктовым магазіне (тату пра гэта не расказвалі, каб не хваляваць яго).

 

– Але нават акцёры, якія маюць праблемы з голасам, могуць разлічваць на нейкія ролі.

 

– Так, пасля доўгага перапынку рэжысёр Міхаіл Пташук запрасіў бацьку на здымкі фільма “У жніўні 44-га” і прапанаваў яму ролю генерала-астматыка. Пазней я бачыла сцэны з яго ўдзелам: сыграна было цудоўна! Перад прэм’ерай выйшаў буклет з фотаздымкам таты (там была зафіксавана яго роля). Бацькі адправіліся на перадпрэм’ерны паказ, але падчас прагляду высветлілася, што Пташук выразаў усе кадры з удзелам бацькі. Усе. І нават не патэлефанаваў яму. Для бацькі гэта быў вельмі моцны ўдар. Прычыны такога ўчынку так і засталіся таямніцай. Праз два гады Пташук сам загінуў, таму спытаць няма ў каго. 

 

“Я лепш памёр бы, чым жыў бы ў такой кватэры”, – сказаў мне судмедэксперт

 

– Ад усіх перажыванняў у мамы здарыўся сардэчны прыступ. Яна трапіла ў бальніцу, і на нейкі перыяд бацька застаўся адзін. Аднойчы я прыйшла да яго ў госці (я жыла асобна). Мы цудоўна пасядзелі, я слухала песні ў яго выкананні (тата цудоўна іграў на гітары). Але мяне не пакідала ўражанне, што ён з чымсьці развітваўся. Ён дастаў свой чамадан, паглядзеў нейкія выразкі, граматы.  “Гэта ўсё барахло, нічога не захоўвай”, – сказаў ён мне. У бацькі быў вельмі падаўлены стан. Напярэдадні свайго 70-годдзя ў яго не было грошай, каб недзе адзначыць юбілей з блізкімі і сябрамі. Адчувалася, што здарылася нешта непапраўнае, чаго нельга змяніць.

 

– Трагедыя адбылася, калі ваша маці была ў бальніцы?

 

– Не, тады яе ўжо выпісалі. Але мама сказала, што дрэнна сябе адчувае, таму некалькі дзён пабудзе ў мяне, а потым паедзе дадому.

 

Прайшоў дзень, другі – ніякага званка ад бацькі няма. Маме дрэнна, яна не ўстае з ложка. Тым часам дзве ночы запар мне сніўся адзін і той жа сон. Як быццам я мыю падлогу ў бацькавай кватэры. Яна драўляная, а вакол нейкая агороджа. На другі дзень я сказала маме: “Ведаеш, бацькі ўжо няма. Я ведаю, што ён памёр”. Быў ужо вечар, і маці сказала: тады едзь дадому. І ноччу я паехала туды адна. Што я перажыла – не перадаць! Бо я ведала і адчувала, што таты няма.

 

Зайшла да суседкі і папрасіла яе зайсці разам са мной. Адчыніла дзверы. Напэўна, каб нам не было так страшна, бацька пакінуў святло. Яго цела мы знайшлі ў ванным пакоі. Бацька павесіўся.

 

Я была ў шоку. Патэлефанавала двум акцёрам Купалаўскага (іх прозвішчы называць не хачу). Папрасіла пад’ехаць, падтрымаць мяне. Але яны так і не прыехалі.

 

У тры гадзіны ночы прыехаў судмедэксперт. Ён спытаў: “Няўжо ў гэтай жабрацкай кватэры жыў народны артыст Павел Дубашынскі?” “Так” – адказала я. “Я лепш памёр бы, чым жыў бы ў такой кватэры”, – сказаў ён. Дзесьці ў чатыры гадзіны раніцы прыехалі два салдаты, якія павінны былі забраць труп бацькі. Яны ўзялі пакрывала, завярнулі цела і панеслі яго, стукаючы спінай па прыступках лесвіцы. Дайшлі да аўтамабіля, раскачалі і кінулі ў кузаў, як мех з бульбай.

 

 

“У мяне не было для гэтага 250 долараў”, – адказаў Давыдзька

 

– Паўла Дубашынскага як народнага артыста Беларусі пахавалі на Маскоўскіх могілках?

 

– У тым, што яго пахаваюць на Маскоўскіх могілках, быў пераканы ўвесь тэатр. Калі пасля паніхіды аўтобус павярнуў у іншы бок, усе пачалі гучна абурацца. Тату завезлі на Паўночныя могілкі і пахавалі побач з нейкім сметнікам. Дзякаваць Богу, тое месца цяпер выглядае больш годна. Ля труны я спытала ў Генадзя Давыдзькі, тагачаснага дырэктара Купалаўскага, чаму бацьку хаваюць не на Маскоўскіх могілках, што адпавядае яго статусу. “У мяне не было для гэтага 250 долараў”, – адказаў Давыдзька. “Вы не маглі сказаць гэта раней? – абурылася я. – Мы б усе разам сабралі”. Ён прамаўчаў.

 

Пасля пахавання мама злягла. Была прыкавана да ложка, праз пяць гадоў яна памерла. Яшчэ праз тры месяцы памёр мой брат.

 

– Як склаўся яго лёс?

 

–  Гісторыя майго брата Юрыя Дубашынскага – трагедыя ўсёй нашай сям’і. Калісьці ў юнацтве яны з сябрамі бралі прыклад з “Бітлз”, у іх была свая музычная група. Аднойчы маці адчыніла дзверы кватэры  і… ўбачыла16-гадовага Юру без прытомнасці. Відаць, яго падклалі сябры. Што з ім адбылося, не вядома. Пазней ён працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы, меў сям’ю, сына, але часам перажываў страшныя прыступы і назіраўся ў псіхіятрычнай клініцы. Пасля смерці маці Юра знік, два месяцы я не ведала, дзе ён. Яго знайшлі дзесьці паміраючым. Прывезлі ў бальніцу. Ён прашаптаў сваё прозвішча, але сказаў яго не вельмі дакладна. Таму апазнаваць Юру я прыехала прыкладна праз два месяцы пасля яго смерці.  

 

 

Дзядуля прыдумаў наступнае: “Усе нашы дочкі будуць каталічкамі, сыны – праваслаўнымі”

 

– Звычайна вытокі трагедыі шукаюць у характары чалавека, у яго жыцці. Якім быў Павел Дубашынскі?

 

– Да хваробы гэта быў зусім іншы чалавек. Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Гарбуны на Шаркаўшчыне. Яго бацькі, Піліп Міхайлавіч Дубашынскі і Канстанцыя Станіславаўна Янцэвіч, пазнаёміліся да рэвалюцыі ў Санкт-Пецярбургу, вяселле згулялі ў Рызе ў 1913 годзе. Бабуля працавала на фабрыцы “Чырвоная страла”, дзядуля – на Пуцілаўскім заводзе.

 

Цікава, што Канстанцыя Станіславаўна была каталічкай, а Піліп Міхайлавіч – праваслаўным. Абодва – вельмі веруючыя, яны не захацелі мяняць веравызнанне. Каб вырашыць гэтую сітуацыю, дзядуля прыдумаў наступнае: “Усе нашы дочкі будуць каталічкамі, сыны – праваслаўнымі”. Таму бацька вырас веруючым чалавекам. Калі ён узяў шлюб з маёй маці, дык  перапісаў для яе малітвы. І гэта ў савецкія часы! Думаю, напрыканцы жыцця бацька быў душэўна хворы. У нармальным стане ён ніколі не скончыў бы жыццё самагубствам.

 

Але вярнуся да сваіх продкаў. Пасля пачатку рэвалюцыі бабуля і дзядуля вярнуліся на радзіму. Па Рыжскім міры іх вёска трапіла ў склад Польшчы, таму бацька хадзіў некалькі класаў у польскую школу.

 

Тата быў познім дзіцём, ён нарадзіўся, калі бабулі было ўжо больш за 40 гадоў. Але так склалася, што бацька застаўся адзін у сям’і. Дзве яго сястрычкі і два брацікі памерлі ў дзяцінстве. А старэйшага брата Пятра падчас вайны без суда і следства расстраляў літоўскі паліцай. Нібыта за дапамогу партызанам. Але ў чым заключалася тая дапамога, ніхто так і не даведаўся. Пятра закапалі невядома дзе. Дзядуля доўга шукаў яго труп. Урэшце ўгаварыў аднаго знаёмага паказаць месца пахавання. Ноччу 11-гадовы тата з бацькамі прыйшлі, раскапалі магілу і потым перанеслі труп на могілкі ля хутара. І да вайны, і пасля яе дзядуля заставаўся аднаасобнікам і не ўступіў у калгас.

 

– Чаму ваш бацька вырашыў стаць акцёрам? 

 

– Калі ён быў маленькі, у мясціны, дзе ён жыў, прыехаў нейкі тэатр, які паказаў “Каварства і каханне” Шылера. Тата быў настолькі ўражаны, што вырашыў стаць акцёрам. Можа, гэта быў знак звыш? Ён скончыў школу і з першага разу, без чыёйсьці дапамогі паступіў у Тэатральны інстытут. Вучыўся на выдатна, атрымліваў сталінскую стыпендыю.

 

У інстытуце пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ларысай, якая вучылася на курс пазней. Яна паходзіла з сям’і мяшчан, яе сваякі мелі ў Асіповічах два дамы. Бацька быў начальнікам аднаго з аддзяленняў чыгункі. У 1934 годзе, калі ў тых мясцінах праходзілі манёўры з удзелам Георгія Жукава, ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Але ў 1937-м на дзядулю быў зроблены данос. Пад катаваннямі ён прызнаўся, што з’яўляецца шпіёнам. Яго расстралялі ў Курапатах у лютым 1937 года.

 

Пасля таго як бацькі скончылі Тэатральны інстытут, абодва трапілі ў Тэатр юнага гледача, які толькі адкрыўся. Іх творчы лёс склаўся па-рознаму. Праз пэўны час маці запрасілі ў Коласаўскі тэатр, што працуе ў Віцебску. Прычым на ролі гераінь. Але дзеля бацькі яна засталася ў Мінску і ўсё жыццё працавала ў ТЮГу. Бацька іграў галоўныя ролі, прычым герояў, і хутка стаў папулярны. Пасля ролі Прысыпкіна ў “Клапе” па Маякоўскаму раскрыўся як характарны акцёр. Не дзіва, што ў 1967 годзе яго запрасілі ў Купалаўскі тэатр.

 

– Ён адразу стаў выконваць галоўныя ролі?

 

– Якраз не. Яму доўгі час не давалі доляў. Канкурэнцыя была вельмі сур'ёзная. Сітуацыя змянілася, калі тэатр узначаліў Валерый Раеўскі. Першы ўзлёт бацькі – спектакль “Трыбунал” па п’есе Андрэя Макаёнка. Там бацька сыграў ролю нямецкага афіцэра. Ён зрабіў гэтую ролю аб’ёмнай, паказаў тое, чаго не было ў п’есе. Напрыклад, ён прыдумаў, што гэты афіцэр калекцыяніруе народныя выказванні і ў яго ў кішэні заўжды блакноцік. Гэта было гамерычна смешна. Яны ігралі ў дуэце з Генадзем Аўсяннікавым. Той кажа: “Зараз шандарахнем”. Афіцэр у выкананні бацькі: “Ма-мэнт. Запісваю: “Шан-да-рах-нем”. Бацька настолькі пераўвасабляўся, што, седзячы ў глядзельнай зале, я забывалася, што ён мой тата.

 

Пасля “Трыбунала” пачалі хадзіць “на Дубашынскага”, яму сталі даваць ролі. Цудоўная роля была ў “Браме неўміручасці” Крапівы. Ён іграў прафесара Дабрыяна, які вынайшаў эліксір бессмяротнасці. У “Дзядзечкавым сне” паводле твора Дастаеўскага бацька выконваў ролю князя К. Вельмі значны спектакль “Вечар” паводле п’есы Дударава, які адкрыў бацьку як трагічнага акцёра. Напрыканцы пастаноўкі яго герой паміраў. Пасля спектакля бацька прыходзіў дадому, нібы выціснуты лімон. Ён усё пражываў – за гэта яго вельмі любілі акцёры. 

 

 

“У сталыя гады бацька нават пісаў прозу. Прычым дзякуючы Караткевічу”

 

–  Каб быць прэм’ерам лепшага тэатра рэспублікі, трэба мець цвёрды характар. Ваш бацька адчуваў сябе зоркай?

 

– Наадварот, ад прыроды ён быў вельмі сарамлівы. Мы заўжды жылі вельмі сціпла, бо зарплата акцёраў была невялікая. Тата стаў атрымліваць крыху больш, калі пайшоў працаваць на радыё. Але, нават маючы званне, ён саромеўся зайсці ў кабінет да начальніка. Напрыклад, у 1966-м бацька купіў “Масквіч”. Тады гэта лічылася прэстыжным. Але “Масквіч” так і застаўся адзінай машынай у яго жыцці. Мая мама называла тату летуценнікам, які ніколі не клапаціўся пра нейкія матэрыяльныя даброты. Дарэчы, і палюбіла яго за гэта. Пабачыла, як ён сыграў Сымона ў спектаклі “Сымон-музыка”. Той жа юнак блажэнны. Бацька быў такі ў рэальным жыцці.

 

Таму для мяне было дзіўна, як ён мог так пераўвасабляцца на сцэне. Тое, што ён стаў народным артыстам, – сведчанне яго працы і вялікая заслуга мамы. Яна ведала яго моцныя і слабыя бакі, таму часта магла дапамагчы і нешта падказаць. Напрыклад, у маладосці бацька быў эмацыянальным чалавекам, таму падчас выканання ролі спяшаўся, любіў казаць як мага эмацыянальней, хутчэй.

 

З гадамі ён усё больш набіраўся вопыту і часам дапамагаў рэжысёру. Праўда, не заўжды па сваёй волі. Рэпетыцыі з Валерыем Раеўскім былі дастаткова цяжкія. Сам ён не паказваў акцёрам, чаго ад іх хоча. Іх «размінаў» рэжысёр Андрэй Андросік. А Раеўскі займаўся пастановачнымі момантамі. Напрыклад, ён часта казаў: “Ну што, Павел Піліпавіч, як вы прапаноўваеце сыграць у гэтай сцэне?” Бацька паказваў некалькі варыянтаў. У выніку Раеўскі выбіраў адзін з іх: “На гэтым спынімся”. Але пакуль бацька прыдумваў гэтыя варыянты, вельмі вымотваўся. Цікава, што, калі тата рыхтаваўся да прэм'еры, ён заўжды перапісваў сваю ролю ад рукі. Незалежна ад таго, якога памеру яна была.

 

– Чым апрача тэатра захапляўся Павел Дубашынскі?

 

– Ён вельмі добра разбіраўся ў жывапісе і сам маляваў. Любіў фатаграфаваць, выязджаў на рыбалку з сябрамі. З задавальненнем чытаў паэзію, а ў сталыя гады нават пісаў прозу. Прычым дзякуючы Уладзіміру Караткевічу. На пачатку 1980-х пісьменнік напісаў у сваім нататніку: “Першы візіт, якому рады. Прыйшоў Павел Дубашынскі. Пайшоў вечарам. Адзін з самых таленавітых людзей, якіх я ведаю. І не толькі як акцёр. Ён якраз менш за ўсё грае. Хіба толькі сваю слаўную душу. Гэтак як… дзядзькі такія бываюць на вёсцы. Гавораць – заслухаешся… Расказаў такіх гісторый, што смяяцца і плакаць хацелася. І жывая праўда, якую не выдумаеш. Хоць язык адкусі… І разумны, як не толькі мала хто з акцёраў, але і мала хто з пісьменнікаў. (…) Расказаў чатыры голай праўды гісторыі, якія, каб запісаць так,  як ён расказаў, цаны б ім не было. (…) Калі не ўгавару яго, лайдака, прапалі для Беларусі чатыры навелы, якія ніводная літаратура не нюхала”. Караткевіч угаварыў майго бацьку, і той напісаў чатыры навелы. Калі б бацька заняўся літаратурай усур’ёз і не памёр так рана, ён бы ўрэшце стаў пісьменнікам.

 

– Вядома ж, Павел Дубашынскі – гонар нацыі, такія артысты з’яўляюцца рэдка. Але ж, як і любы чалавек, ён не быў пазбаўлены адмоўных рыс…

 

– Так. Як і кожны чалавек. Напрыклад, уся гаспадарка трымалася на маме. Бацька быў панам, які ніколі не хадзіў у краму. Мама яго вызваляла ад сямейнай работы. Або ўзяць адпачынак: звычайна на нейкія курорты ён ездзіў без нас, каб пабыць у адзіноце. З мамай ён ездзіў усяго некалькі разоў. Хоць вельмі яе кахаў, пісаў з адпачынку цудоўныя лісты. Але бацька больш прысвячаў сваё жыццё мастацтву, тэатру. Ён быў простым чалавекам, але часам яго панства, або, лепш сказаць, барства, усё ж праяўлялася. Зрэшты, хто сказаў, што жыць з творчым чалавекам, з народным артыстам вельмі проста?

– А вашым выхаваннем бацька хоць крыху займаўся?

 

– Вядома! Мама гатавала, прала, даглядала сваю маці, маю бабулю, якая была паралізаваная і пэўны час жыла ў нас. А бацька выхоўваў мяне самым непасрэдным чынам. Калі я была маленькая, у далёкія яслі мяне вазіў бацька. Калі я плакала, клікала тату, а не маму. Менавіта бацька ўкладваў мяне спаць і спяваў мне калыханку. 

 

 

"Народная Воля"
13.06.2016