Алесь Крыжэвіч

Вобраз мінулага і брэндынг горада

Многім людзям хочыцца хадзіць па прыбраных вуліцах, жыць у цікавых, што бурапеніць, як тая крыніца, раёнах горада, часцей бываць на рознатэматычных, а часам і нестандартных мерапрыемствах. І гэтае імкненне цалкам натуральнае. Зыходзячы з аб’яўленай назвы года 2016-га ў людзей гэта магчымасць стане яшчэ больш верагоднай. 

 

Аднак кожны горад ці мястэчка па-свойму непаўторнае, што выражаецца ў пэўным характары яго жыхароў, а гэта, ў сваю чаргу, абумоўліваецца хадой гісторыі і прыроднымі асаблівасцямі мясцін. Пры наведванні горада ці мястэчка, пасёлка ці вёскі ствараюцца пэўныя асацыяцыі, звязаныя з тым ці іншым месцам. А якія вобразы Крычава ствараюцца ў падарожнікаў, што бываюць у горадзе? Як успрымаюць і які вымалёўваецца горад ў галовах саміх крычаўлянаў? І, зрэшты, чым зможа яго гарадская прастора ў год культуры прывабіць шэраговых турыстаў?

 

 

ПРА ЎЯЗНЫ ЗНАК

 

Амаль ва ўсіх гарадах уезд ў горад маркіруе ўязны знак. У Крычаве ў розных канцах горада знаходзяцца тры малыя архітэктурныя формы. Першы знак знаходзіцца пры ўездзе з боку Чэрыкава, другі – па дарозе з Расіі і Клімавіч у горад, і трэці – пры выездзе з Крычава ў бок Мсціслаўля.

 

Часта такія архітэктурныя формы робяць, каб перадаць асаблівасць горада (прамысловую, культурную, прыродную, нацыянальную і інш.), ці ствараюць знакі рознакалярова-пазітыўнымі альбо кідкімі і прывабнымі для зроку. Гэтыя аб’екты мусяць дапамагаць стварыць цікавы вобраз населенага пункта, “рэкламуючы” сябе. Прааналізаваўшы ўязныя знакі Крычава, можна адзначыць, што ва ўсіх не хапае надпіса назвы горада па-беларуску. Не магу сказаць, што яны выглядаюць шэра, бо гэта не так, аднак нейкай разнастайнасці і нестандартнай ідэі ім дакладна не хапае.

 

АБ’ЕКТЫ МАНУМЕНТАЛЬНАГА МАСТАЦТВА

 

Немагчыма прамінуць і аб’екты манументальнага мастацтва, да якога адносяцца мемарыялы, помнікі, скульптуры, стэлы і інш. Большая частка такіх помнікаў адносяцца да савецкай Беларусі. У Крычаве жывуць аж чатыры “важдзя пралетарыята” і ўсе яны знаходзяцца ў парках і на плошчах розных частак горада. З савецкім мінулым трэба ўжо даўно вырашыць як ураду ў Менску, так і гарадскім ўладам. Да савецкай спадчыны ў розных постсавецкіх краінах ставяцца па-рознаму: знішчаюць, пераносяць у музеі, ставяць на акраінах гарадоў. Крэатыўна зрабіў адзін літовец, што адкрыў «Грутас парк» — самы вялікі музей савецкіх помнікаў, які знаходзіцца ў лесе, на тэрыторыі, агароджанай калючым дротам. Абсалютна не жартую, калі скажу, што ў некаторых гараджанаў вялікі помнік Леніну на плошчы ў старой частцы горада асацыюецца з яго вобразам і гісторыяй. Помнікі галоўнаму камуністу — гэта таксама гісторыя, але цэнтральныя пляцы мусяць займаць больш годныя і важныя асобы горада і краіны. З савецкай спадчыны застаецца нам і “жалезны Фелікс”, што знаходзіцца ля мясцовага КДБ і з’яўляецца сімвалам гэтай структуры, аднак і сімвалам “чырвонага тэрора” – масавых растрэлаў чэкістамі ні ў чым не павінных людзей, што адбываліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі і былога СССР. Сумнеўна, што гэтая фігура з’яўляецца важнай для нашай незалежнай краіны. Няўжо не было годных вайскоўцаў ці нацыянальных дзеячоў на беларускай зямлі?

 

Калі закрануць пытанне захавання памяці пра падзеі Другой Сусветнай вайны, то шэраг помнікаў і мемарыялаў нагадваюць пра сумныя падзеі тых часоў. І пра абарону горада ў 1941-м, і пра лагер смерці на тэрыторыі цэментнага завода, і пра падпольныя групы і тых, хто загінуў пры абароне горада ад нацысцкага рэжыму. Гэтыя помнікі ёсць у розных раёнах горада. У т.зв. «Горадзе» іх два, на «Цэмзаводзе» — 5, «Маскоўскай» — 2. Пры гэтым у “Мікрагарадку” ёсць цэлы “парк Перамогі” з курганам славы і алеяй герояў той страшнай вайны. Здаецца, ўсё для ўшавання памяці такіх людзей і іх учынкаў ёсць. Улады ўсё ж палічылі недастатковым такое шанаванне і дадаткова ўсталявалі яшчэ гармату з самаходкай. Аднак усталяваная тэхніка ў грамадскіх месцах каляровай стужкі да вобліка горада, на мой погляд, не дадала.

 

 

ТУРЫСТЫЧНАЯ МАПА

 

Больш цікавым аб’ектам, што знаходзіцца побач з самаходкай каля аўтастанцыі, з’яўляецца турыстычная мапа Крычаўскага раёна. Звярнуць увагу людзей на мапу, расказаць і паказаць на ёй разнастайныя помнікі даўніны можна толькі пры добра распрацаванай экскурсіі і з падкаваным па розных гістарычных перыядах экскурсаводам, бо ў адваротным выпадку ніякай цікавасці аб’ект не ўвасабляе. Гэта значыць, што пазначаныя на мапе курганы ці стаянкі без асаблівага тлумачэння мала пра што гавораць.

 

 

ІНШЫЯ ПОМНІКІ

 

І нават помнік грузавой машыне “ЗІЛ” ёсць у нашым горадзе, аднак прываблівае нават саміх крычаўлян не так часта, як хацелася б. Не здзіўлюся, што многія гараджане нават і не ведаюць пра яго.

 

Пазітыўным прыкладам актуалізацыі гарадской і беларускай гісторыі наогул з’яўляецца ўсталяванне драўлянай скульптуры крычаўскім паўстанцам пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Тут трэба сказаць, што тэрыторыя, на якой паставілі помнік, выбрана дастаткова ўдала, бо за помнікам ідзе маляўнічы роў, які працінае рэчка Крычаўка. Гэта стварае магчымасць уявіць, што недзе ў гэтых мясцінах маглі хавацца ці абмяркоўваць план наступлення паўстанцы.

 

 

ЯК СТВАРЫЦЬ БРЭНД ГОРАДУ

 

Даследванне вобраза горада мясцовых жыхароў можа стацца сур’ёзным сацыялагічным даследваннем, цікавым для гісторыкаў, культуролагаў і нават культурных менэджараў. Яно як раз будзе адлюстроўваць ўспрыняцце гарадской прасторы людзьмі і іх асацыяцыі. Гэта праца стане адпраўной кропкай у справе брэндавання і распрацоўкі іміджа горада. Штоб там не паказалі апытанні, прыведзеныя прыклады манументаў ствараюць ўражанне жыццявызначальнасці падзей, што адбываліся з часам усталявання ў горадзе савецкай улады. Разам з тым ствараецца вобраз горада-воіна, што заканамерна блізкі да гістарычнай рэчаіснасці. Аднак горадам-воінам Крычаў стаў яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, калі выконваў функцыю крэпасці на ўсходніх рубяжах дзяржавы. Падзеі ж тых часоў застаюцца пыліцца ў кніжках па гісторыі і архівах пажоўклых дакументаў і летапісаў. Правільна скарыстаць гэты вобраз можна пры папулярызацыі тэматыкі Магдэбургскага права, а герб горада як раз сведчыць пра гераічнае змаганні з ворагам.

 

Пэўным брэндам Крычава бяспрэчна з’яўляецца палац Пацёмкіна-Галынскіх. Перліна горада штогод прываблівае немала турыстаў. Гэтая мясціна сапраўды з’яўляецца культурным цэнтрам горада, што спалучае функцыі маёнтка Галынскіх як архітэктурнага помніка і краязнаўчага музея. Да таго ж даследчыкі адзначаюць, што краязнаўчыя музеі ідуць па ўласным шляху і маюць добрую пляцоўку для стварэння мясцовых брэндаў.

 

Аднак гэтага дакладна не хапае, каб Крычаў стаў нават ў межах Магілёўскай вобласці папулярным горадам для наведвання. У многіх сярэдніх і малых гарадах настаў час правесці працэс брэндынга альбо рэбрэндынга, то бок стварэння прывабнага вобраза, які б адрозніваў горад ці мястэчка з шэрагу іншых. У кожнага населенага пункта свая спецыфіка і старт гэтаму працэсу трэба пачынаць у розных гарадах з розных крокаў. Для стварэння брэнда ў Крычава ёсць усё: і багатая гісторыя, і цікавыя мясціны, і прыгожыя гарадскія краявіды.

 

Працэс брэндынга Крычава можна пачаць з культурнай падзеі, на якой асвятляецца гісторыя горада і расказваецца пра розныя яго мясціны і раёны. Пад гэтую марку падыходзіць невялічкі фестываль, з якога і пачнецца культурнае брэндаванне горада. Прычым, арганізаваць можна абсалютна розныя формы папулярызацыі мінулага. У праграму можна нават уключыць кінапаказ стужкі, што зняў “Беларусфільм” напачатку 90-х гг. пра Крычаўскае паўстанне па матывах твора У. Караткевіча. А наступным крокам можа стаць частковае вяртанне старых назваў вуліцам і часткам горада, выпрацоўка актуалізацыі малавядомых, але значных гарадскіх падзей. Вось, напрыклад, адзін з раёнаў горада мае назву Ганчароўка. Да слова кажучы, вельмі дарэчы была пастаўлена ля гарадзішча Гарадзец драўляная скульптура ганчара, што адлюстроўвала пэўную гісторыка-прамысловую спецыфіку горада. Гэтую спецыфіку можна захаваць пры адкрыцці цэнтра па вырабу гліняных лялек і ганчарнага посуду. Пастаянныя майстар-класы прыцягнуць нямала зацікаўленых людзей і проста актыўных турыстаў. Трэба сказаць, што на сёння амаль кожны горад мае нейкі цікавы аб’ект ці рысу, з дапамогай якой прасоўвае на рынак свае турыстычныя паслугі. І, зразумела, што чым больш будзе цікавых аб’ектаў, мерапрыемстваў, музеяў і гістарычных мясцін, тым болей будзе ахвочых наведаць горад. Важна, каб колькасць падмацоўвалася і якасцю, бо без гэтага поспеху будзе мала.

 

Ёсць магчымасць скарыстаць і рэкрэацыйны патэнцыял горада. Адраджэнне суднаходства на Сажы, што было тут з веку вякоў, і агляд на параходзе краявідаў з расповядаў пра Крычаўскую суднаверф адназначна прывабяць актыўных людзей, якіх пастаянна цягне да рэчак і азёраў.

 

Акрамя таго не трэба забываць пра тое, што ў беларускіх гарадах жыло шмат яўрэяў. Не быў выключэннем і Крычаў. У ім нарадзіўся і пражыў 20 год адзін з найвядомейшых людзей Аўстраліі, беларускі яўрэй Сідні Майер. Сімха Баеўскі, як гучала яго імя па-яўрэйску, стаў вельмі паспяховым бізнэсоўцам “зялёнага кантынента” і героям горада Мельбурна, бо шмат грошай ахвяраваў мясцоваму ўніверсітэту і тысячы фунтаў пералічыў на будаўніцтва парка і бульвара. Акрамя таго, на сродкі Майера была пабудавана вядомейшая музычная арэна Аўстраліі — Sydney Myer Music Bow. Вы ўяўляеце, які меў б прыстыж горад, што цікавіцца земляком-мецэнатам, які на чужбіне стаў нацыянальным героем! А цяпер можна ўявіць, якія дывідэнды горад можа атрымаць пры такім супрацоўніцтве і як пачне змяняць свой воблік разам з гарадской інфраструктурай. І якім чынам змяніцца стаўленне да горада не толькі ў саміх крычаўлян, але і турыстаў.

 

 

КРЭАТЫЎНЫЯ ПРАПАНОВЫ

 

А цяперака хвілінка крэатыву. Часам дастаткова толькі ўключыць добрае ўяўленне каб пэўныя аб’екты, што згубілі прамысловую ці адміністратыўную значнасць, рэаніміраваць. Старую воданапорную вежу, што згубіла сваю функцыянальнасць, можна скарыстоўваць як культурны аб’ект. Гэта можа стацца пляцоўкай для прагляду з вышыні гарадскіх краявідаў… Чаму не, балазе, ў нас іх хапае. Ці стаць нечым кшталту музея-млына з падрабязным апісаннем ўсёй функцыянальнасці дадзенага аб’екта. Хіба не цікава даведацца пра вежу, з якой часта сутыкаешся, аднак слаба ведаеш, навошта яна наогул была пабудавана. Да прыкладу, такі прамысловы аб’ект, што знаходзіцца на тэрыторыі былога маслазавода, быў б добрай пляцоўкай для агляду краявідаў р. Сож.

 

Адна з унікальных з’яў гарадской прасторы — захаванне старадаўняй планіроўкі горада. Перапланіроўка, што адбывалася на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, Крычаў не закранула. Пагэтаму архітэктурна-планіровачны каркас, што сфармаваўся яшчэ ў XVI-XVII ст., уяўляе сабой каштоўную спадчыну. І гэта таксама бяспрэчна вылучае горад і дапамагае ствараць прывабнасць і адкрывае турыстычны патэнцыял. Дарэчы, гледзячы на фатаздымкі горада пачатку XX стагоддзя, без аніякіх праблем пазнаеш вуліцы, па якіх людзі ходзяць і сёння.

 

Пералічаныя прыклады дадатковых магчымасцяў горада дапаўняюцца ўжо тымі археалагічнымі, гістарычнымі і архітэктурнымі аб’ектамі, якія добра вядомы і ўяўляюць вялікую каштоўнасць і спадчыну горада. У сваю чаргу цэлы спектр культурніцкіх з’яў ўжо сведчыць пра неардынарнасць і пазнавальнасць горада сярод дзесяткаў іншых. І гэта дасць магчымасць добра рэпрэзентаваць горад, а разам з тым захоўваць гісторыю і павагу да продкаў, гэтаксама як і развіваваць у горадзе новыя сферы паслуг, знаходзячы для людзей усё новыя рабочыя месцы.

 

 

"Вольны горад"
21.03.2016