Аляксей Хадыка

З Джымавым шчасцем

121 год таму, 21 верасня (3 кастрычніка) 1895 г.,  нарадзіўся Сяргей Ясенін, паэт, які пакінуў  паэтычны ўспамін пра сустрэчу з адным нашым знакамітым суайчыннікам, –  і ягоным улюбёнцам, 68 гадавіна смерці якога прыпадае таксама на верасень – 30.09.1948.

 

Дай, Джим, на счастье лапу мне,
Такую лапу не видал я сроду.
Давай с тобой полаем при луне
На тихую, бесшумную погоду.
Дай, Джим, на счастье лапу мне.

 

 

Кожны савецкі школьнік, а сёння і беларускі, – рускую літаратуры ў нашай школе выкладаюць грунтоўней за нашую, – ведае гэтыя радкі. У дадзеным выпадку – недарма.

 

Бо верш “Сабаку Качалава” Сяргея Ясеніна прысвечаны маладому шчанюку-даберману, выхаванцу вялікага … стоп-стоп, не рускага, а беларускага актора расійскай сцэны Васіля Шверубовіча (псеўданім – Качалаў). Сына святара Мікольскай царквы ў Вільні, Яна Шверубовіча, нашчадка старога беларускага шляхецкага роду.

 

Недарма Нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у “Чыстым панядзелку” з цыклу “Цёмныя прысады”,  адпраўляючы герояў аповяду на “капуснік” у МХТ (Маскоўскі Мастацкі Тэатр), і сутыкаючы іх з зоркаю – Качалавым – малюе яго наступным чынам: “К нам подошел с бокалом в руке, бледный от хмеля, с крупным потом на  лбу,  на  который  свисал клок его белорусских волос, Качалов, поднял бокал и, с деланной мрачной  жадностью  глядя на нее, сказал своим низким актерским голосом:

– Царь-девица, Шамаханская царица, твое здоровье!”

 

Паверым Буніну наконт “беларускіх валасоў”? 

 

 

Біяграфія пункцірам

 

Калі пацікавіцца лёсам Васіля Шверубовіча (30.01.(11.02).1875 – 30.09.1948), то, як адзначаюць крыніцы, ажно да пераезду ў Піцер ён размаўляў па-расейску з выразным беларускім акцэнтам: ён жыў у іншай культурнай прасторы. Беларуская мова дома, польская, латынь, замежныя мовы і сярод іх – расейская, як мова выкладання ў 1-й Віленскай гімназіі, дзе Васіль навучаўся разам з Канстанцінам Галкоўскім (пазней летувіскім кампазітарам) і Феліксам Дзяржынскім, чыя змрочная біяграфія добра вядомая. Любоў да дэкламацый і ўдзелу ў студэнцкіх пастаноўках ужо па паступленні Шверубовіча на юрфак Піцерскага ўніверсітэта (1894) сутыкнула яго на канікулах у Вільні са знакамітай Верай Камісаржэўскай. Напачатку кар’еры актрыса два гады прапрацавала ў антрэпрызе ў старой беларуска-літоўскай сталіцы, адыграўшы 60 роляў, і з будучым Качалавым выйшла на падмосткі ў “Баі матылькоў” Г.Зудэрмана (1896).

 

У тым жа годзе адбыўся рашучы паварот да прафесійнага тэатра ў кар’еры Шверубовіча: ён паступіў акцёрам у Тэатр Літаратурна-драматычнага таварыства Аляксея Суворына, рэдактара і выдаўца газеты “Новое время”. Апошні і прапанаваў Шверубовічу змяніць “немілагучнае” (відаць, для рускага вуха) прозвішча на псеўданім “Качалов”. У 1900 г. Качалаў перабіраецца ў Маскву ў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ, МХАТ К.Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі) – трупу ягонага доўгага акцёрскага лёсу – дзе хутка робіцца знакамітасцю. Па 1938 г. на гэтым тэатры – і ў Маскве, і за мяжой, у час ваганняў, ці вяртацца ў “новую Расію”, што адбылося канчаткова ў 1922 г., ім створана 55 роляў! П’есы – Астроўскага, Ібсэна, Горкага, А.Талстога, Л.Талстога, Чэхава, Шэкспіра, Метэрлінка, Меражкоўскага, Грыбаедава, Гамсуна, Дастаеўскага, Андрэева, Ус.Іванова – усіх не пералічыць. Апошняя роля – Чацкі ў “Горы ад розуму”… А перад 1917 г. – Качалава захоплівае яшчэ і насычанае багемнае жыццё ў Маскве “срэбранага веку”, частка якога – сяброўства з паэтам-імажыністам, тэарэтыкам мастацтва, драматургам Анатолем Марыенгофам (1897 – 1962). Далей нітачка сувязяў працягнулася да іншага знакамітага імажыніста, Сяргея Ясеніна. Сімпатыя ў абодвух сфармавалася і выяўлялася ўзаемная: яшчэ да знаёмства Качалаў  вазіў з сабою зборнік вершаў паэта, а Ясенін імкнуўся зблізіцца са старэйшай за яго на 20 год тэатральнай знакамітасцю. Напачатку вясны 1925 г. дапамогу яму аказаў агульны сябра, пісьменнік Барыс Пільняк, дамовіўшыся пра візіт разам з Ясеніным у гасцінны дом акцёра. Рэабілітуючы Ясеніна, у якога па разыходжанні з Айсядорай Дункан (1923) небеспадстаўна склалася рэпутацыя ліхога гулякі, Пільняк заўважыў, што ў той дзень з раніцы “паэт п’е выключна малако”.

 

 

Джым

 

У вечар сустрэчы Васіль Качалаў вяртаўся дадому позна, бліжэй да дванаццатай, пасля спектакля. Ён прыгадваў: “Я зайшоў, убачыў Ясеніна і Джыма – яны пазнаёміліся і сядзелі на канапе ушчыльную адзін да аднаго. Ясенін адной рукой абняў Джыма за шыю, другой трымаў ягоную лапу і хрыплым баском прыгаворваў” “Што за лапа, ад нараджэння такой не бачыў…”  Сімпатыя паэта і чорнага дабермана узнікла нязмушана і  неяк адразу…

 

Размаўлялі, Ясенін чытаў свае творы, Джым – разам з публікай – уважліва прыслухоўваўся. Сыходзячы, Сяргей Ясенін паабяцаў: “Я яму сёння ж напішу вершы. Вярнуся дадому – і напішу…”

 

Трохі пазней паэт спрабаваў урачыста, у прысутнасці гаспадара, перадаць прысвячэнне сабаку. Не атрымалася – ні ў Маскве, ні на гастролях МХАТа ў Баку летам, дзе адначасова апынуўся Ясенін. Урэшце, верш з загадкавымі радкамі:

 

“Мой милый Джим, среди твоих гостей
Так много всяких и невсяких было.

Но та, что всех безмолвней и грустней,
Сюда случайно вдруг не заходила?
Она придет, даю тебе поруку.
И без меня, в ее уставясь взгляд,
Ты за меня лизни ей нежно руку
За все, в чем был и не был виноват”, –  быў перададзены Качалаву.

 

У ракавы час з 27 на 28 снежня 1925 г. акцёр з сябрамі – і агульным з Ясеніным сябрам, Марыенгофам, позна ўвечары ў рэстарацыі “Кружка” ў Маскве прыгадалі паэта, які ад’ехаў пяць дзён перад тым у Піцер.

 

Гадзіны ў дзьве ночы, спытаўшыся ў Марыенгофа пра Ясеніна, Качалаў узняў тост за здароўе паэта. Ці ён быў на той момант яшчэ жывы? Праз колькі гадзін, шэрай раніцай, выгульваючы Джыма, Васіль Качалаў, звяртаючыся да пса, зноў, немаведама чаму,  прыгадаў Ясеніна: “Чуеш, абалдуй, хто табе кланяецца?” Але Джым быў заняты – ці то косткай, ці то ільдзінкай… “Так і не пачуў Джым, відаць, – піша ва ўспамінах акцёр, – прышэсця той госці, якая “всех безмолвней и грустней”, і якую так настойліва і пакутна чакаў Ясенін: “Она придет, даю тебе поруку…”

 

 

Новыя пакаленні

 

Беларускі след біяграфіі Качалава неяк выпаў са школьных падручнікаў – і масавай свядомасці. Між тым беларускую дыяспару ў Расіі папоўнілі таксама яго сын і ўнук – асобы значныя ў гісторыі культуры. Шлюб з актрысай Нінай Літоўцавай (напачатку яна не спадабалася бацьку Качалава: сямейнае паданне кажа, што ў час зашлюбін, павагаўшыся пару хвілін, свёкар цяжка выдыхнуў: “Нічога, ён таксама непрыгожы!”) – прынёс ім праз год адзінага сына – Вадзіма Шверубовіча (1901 -1981). Хлопец марыў пра вайсковую кар’еру: служыў у Дабравольчым войску, але жахі грамадзянскай вайны, а потым захворванне на амаль безнадзейны зваротны тыф – астудзілі да 1920 г. ягоны запал. Ён пайшоў на службу загадчыкам пастаноўчай часткі МХАТа да Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, пакінуў бясцэнныя ўспаміны, а ў 1956 г. стаяў ля пачаткаў тэатра “Современник”. Яго дачка Марыя зрабілася актрысай (у тым самым “Современнике”), а сын – буйнейшым савецкім, пазней расійскім тэатразнаўцам і шэкспіразнаўцам. Публікацыі Аляксея Вадзімавіча Барташэвіча (Шверубовіча), у тым ліку па пытаннях сучаснага сусветнага тэатра, дагэтуль маюць значны навукова-культуралагічны рэзананс.

 

 

Качалаў у мастацтве

 

Можна паставіць кропку, але хочацца некалькі словаў сказаць у абарону “багемнага жыцця” акцёра Качалава-Шверубовіча. Без яго чалавечай кантактнасці і адкрытасці, наўрад ці натхнёны вобраз караля сцэны увайшоў бы ў гісторыю праз творчасць такіх мастакоў, як Казімір Малевіч (“Васіль Качалаў у п’есе Л.Андрэева “Анатэма”, 1908), Барыс Грыгор’еў (“Партрэт Васіля Качалава”, 1923), Валянцін Сяроў (“Партрэт Васіля Качалава”, 1908).

 

Памёр акцёр 30 верасня 1948 года, перажыўшы Сяргея Ясеніна амаль на 23 гады, і пахаваны на Навадзявочых могілках у Маскве.  

 

 

"Мастацтва"
21.09.2016