Жанчына-аўтарка ў сучаснай Беларусі — хто яна?

19 – 22 траўня ў Варшаве прайшоў чарговы Міжнародны кірмаш, на якім сучасная беларуская літаратура была прадстаўлена на сумесным стэндзе праектаў Books From Belarus i Litteraturresan (“Літаратурнае падарожжа” Беларусь-Швецыя).

 

 

Нагадаем – Books From Belarus – некамерцыйны праект, галоўная мэта якога – прэзентацыя сучаснай беларускай літаратуры за межамі краіны. У гэтым годзе арганізатаркі праекта ўзялі за мэту не толькі прадставіць лепшыя кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў, але і паказаць менавіта жаночы твар беларускай літаратуры.

 

Не сакрэт, што, нягледзячы на багацце літаратурнай спадчыны, афіцыйны канон беларускай літаратуры і “пантэон класікаў” прадстаўлены мужчынскімі імёнамі: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Цягам усяго ХХ стагоддзя адчуваўся выразны гендарны дысбаланс, і сітуацыя крыху змянілася толькі з распадам Савецкага Саюза і набыццём Беларуссю незалежнасці. Але Нобелеўская ўзнагарода Святланы Алексіевіч прыцягнула ўвагу і да іншых жаночых галасоў у беларускай прозе і паэзіі.

 

На Варшаўскім кірмашы была прадстаўлена творчасць толькі часткі выдатных беларускіх аўтарак, якія працуюць у самых розных жанрах: Валянціны Аксак, Святланы Алексіевіч, Алены Брава, Насты Кудасавай, Марыі Роўды і Тані Скарынкінай. Кожная з іх мае свой адметны стыль, сваё ўнікальнае стаўленне да жыцця.  

 

Падчас кірмаша з удзельніцамі праекта праводзіліся сустрэчы і дыскусіі, на якіх не адзін раз падымаліся пытанні: Хто яна, жанчына-аўтарка ў сучаснай Беларусі? Да якіх тэмаў яна звяртаецца ў сваіх творах? З якімі цяжкасцямі сутыкаецца? Па гарачых слядах публікуем іх адказы і меркаванні:

 

Марыя Роўда, пісьменніца:

 

У сваіх кнігах я пішу пра сваіх знаёмых. Магчыма, на выбар персанажаў таксама паўплывала тое, што я вучылася ў лінгвістычным універсітэце – вакол мяне заўсёды былі мэтанакіраваныя дзяўчаты, якія ведалі мовы, вандравалі, бачылі, якія тэндэнцыі ёсць у іншага грамадства і неяк спрабавалі іх паўтараць.

 

Сення я не ведаю, ці дацягваю да статусу феміністкі, але тое, што беларускі заўсёды былі вымушаны працаваць на роўні з мужчынамі – гэта дакладна. Нават вясковыя прафесіяналы – настаўніцы, урачы – заўсёды павінны былі працаваць і ў сваёй сферы, і дзяцей гадаваць, і за гаспадаркай сачыць. А калі паглыбіцца ў гісторыю часоў росквіту шляхты – калі мужчына паміраў на вайне, жанчына павінна была выхоўваць хлопчыка як ваяра, таму валодаць зброяй і вярхом ездзіць яна заўсёды ўмела. Я нават мяркую па сваёй бабулі: я б яе дакладна назвала феміністкай. Яна кіравала канём, ездзіла на ровары. Яна нарадзілася ў 1926 годзе, але ніхто не лічыў, што яна робіць нешта незвычайнае. А яна мне ўвесь час казала: “Дзеўка павінна ўсё умець рабіць”.

 

І сапраўды, калі гадуеш маленькае дзіця — ёсць перыяд, калі ты, па ідэі, нічога не можаш рабіць, акрамя як займацца ім. Але прыходзіцца браць на сябе функцыі літагента — займацца прамоцыяй кнігі, кантактамі. Кладзешся спаць а першай, устаеш а шостай. Вось калі б табе сказалі:  “Марыя, ты пісьменніца — вось стол, канапа, сядзь і пішы”… Але ў рэальнасці — хочаш пісаць — твае праблемы. Яшчэ б зразумелі пісьменніцтва за працу, калі б яна прыносіла грошы. Прыкладам, амерыканка нараджае дзіця, сядзіць дома, піша кнігу, продаж якой напрыканцы прыносіць гадавы прыбытак у двухкратным памеры. Канечне, яе муж пагадзіцца, каб яна і наступную пісала.

 

Я не магу сказаць, што жанчыны ў нас зусім ужо на ўзбочыне,  але, мяркуючы па каментарах да жаночых зборнікаў, людзі не заўсёды бачаць у жанчыне-аўтарцы асобу. І, сапраўды, каб атрымаць добрыя водгукі, трэба вельмі пастарацца. А вось аўтар-мужчына, нават не асабліва таленавіты, заўсёды будзе ў пашане. Я вось асабіста сутыкнулася з тым, што на фэйсбуку жанчыне дазваляецца ставіць лайкі і рабіць рэпосты, але быць прадуцэнтам сур’ёзнага кантэксту — гэта справа толькі вядомых мужчын.

 

Наста Кудасава, паэтка:

 

Прыходзіцца часам ахвяраваць сваёй творчасцю для сям’і, бо калі не ахвяраваць, тады ўзнікае пачуццё нейкай віны. Яно прысутнічае заўсёды. Увесь час пакуль ты пішаш – ты адчуваеш віну. Кшталту, вось я магла б нешта зрабіць зараз, больш карыснае для дзяцей і дома. Але можа, гэта няправільна – быць пісьменнікам і адчуваць віну? І ці не ёсць гэта нейкім стэрэатыпам, які мне навязалі з дзяцінства? Я не ведаю.

 

Я лічу, што ў нас насамрэч вельмі моцная жаночая літаратура. Можа быць, нам – жанчынам-аўтаркам, проста не хапае прамоцыі, таму мы не так часта фігуруем дзесьці. Але калі казаць пра нейкія глыбінныя, сутнасныя працэсы: варта пачытаць кнігі, каб зразумець,  што нашыя пісьменніцы – яны сталыя і мудрыя. Проста сацыяльныя ўмовы ў нас такія, грамадства ў нашай краіне больш патрыярхальнае. Жанчыне трэба быць на вельмі моцнай пазіцыі, трэба вельмі гучна заявіць пра сябе, каб яе ўжо немагчыма было не заўважыць і не палічыцца з ейнай прысутнасцю ў культурніцкім полі, мужчынам жа для гэтага не трэба прыкладаць столькі высілкаў. Ну і так, часам у адыходзе жанчын ад актыўнай дзейнасці ёсць аб’ектыўная прычына: жанчына сыходзіць на пэўны час, калі нараджае дзіця, а пасля не ў кожнай атрымліваецца вярнуцца, асабліва калі не адчуваеш сябе запатрабаванай.

 

Таня Скарынкина, поэт:

 

Знаешь, я так давно пишу стихи, что я не разделяю ни себя человека, ни себя поэта - мы все живем дружно вместе. Думаю, что для того чтобы быть поэтом - нужно быть упрямым. Вот вы делайте и думайте, что хотите, а я пишу стихи, и головой об стенку. Я не могу по-другому. И как бы ко мне не относились, игнорировали, психовали, насмехались - где-то меня ранит, да, но я все равно не перестану писать стихи. Это сильнее меня.

 

Я особенно не думала никогда про положение женщины-писательницы в белорусском обществе. Но вообще да - у нас же все-таки патриархат. У нас же все очень четко разложено, по полочкам: женщины убирают со стола, а мужчины сидят и ждут, сложа руки. Но вот я в последнее время стала протестовать, и когда в очередной раз у нас были поминки, и вся родня собралась, и после в конце стали убирать грязную посуду со стола и мыть, то расселся муж моей сестры, ожидая, когда все закончится, я тоже села и стала читать книжку. Я не стала убирать вместе с женщинами стол. На меня окрысились мои сестры, но я все равно не помогла. Вот это была позиция поэта, и я как раз читала Пушкина. «Евгения Онегина».

 

Ты спрашиваешь, почему я все время говорю «поэт». Русское «поэтесса» мне не нравится. А белорусское «паэтка» нравится. Но так как я говорю на русском, вставлять белорусское в этот контекст глупо, мне кажется. Вообще ближе всего к идеалу польский вариант: «poeta». Можно только позавидовать их словарю в этом отношении.

 

Алена Брава, пісьменніца:

 

Жанчыны-пісьменніцы на Беларусі дагэтуль вымушаны даказваць, што яны вартыя таго, каб да іх адносіліся ўсур’ёз, а іх творчасць нічым не горшая за мужчынскую. Беларускія аўтарківыпрацоўваюць свае спосабы маўлення, шукаюць свой арыгінальны стыль, пішуць сваё цела і душу, пазбаўляюцца страхаў ды комплексаў, набываюць свабоду праз слова. І слова гэта менавіта беларускае. Гэта мова нашага народа, на якой сёння размаўляе не надта вялікая частка гэтага народа – у асноўным, тыя, хто разумее: без сваёй мовы няма нацыі, няма еўрапейскай краіны Беларусь. Але, паўтаруся, гэтых людзей не так ужо і шмат. Мы выбіраем гэтую мову для сваёй творчасці, памяншаючы такім чынам патэнцыйную колькасць чытачоў, але гэта – наш свабодны выбар. Для часткі грамадства, якая захрасла ў стэрэатыпнасці мыслення, мы – двойчы аўтсайдаркі: таму, што жанчыны, і таму, што пішам па-беларуску. Але хто, калі не мы, дапаможа нашым сёстрам залюдніць тую terra incognita свайго “я”, дзе дагэтуль хаваюцца пачвары? Тую частку душы, якая была ў нас гвалтоўна адабраная?

 

Жанчыны-пісьменніцы пішуць на розныя тэмы. Гэта пошукі сябе – свайго месца ў свеце, адрознага ад таго, якое навязана нам з маленства ў выніку хібаў выхавання ў савецкім і постсавецкім грамадстве. Гэта абуджэнне жаночай сэксуальнасці, цялеснасці. Але асобная і вельмі балючая тэма – прынамсі, для мяне – гэта змаганне жанчыны за права быць творцай. Змаганне няпростае, бо жанчына, якая піша, мусіць весці барацьбу “на два фронты”:  супраць унутраных забарон і стэрэатыпаў грамадства, якое ахвотна прызнае за ёй права на мацярынства, а калі яна ўжо мае дзіця, жорстка абмяжоўвае поле яе актыўнасці пераважна сямейным. Найгоршае, што ў гэтай барацьбе жанчына-пісьменніца далёка не заўсёды можа абаперціся на падтрымку сваіх блізкіх.

 

Увогуле, у сённяшняй Беларусі пісьменніцтва нізведзена да ўзроўню “хобі”. Пісьменнік піша, як правіла, у “вольны ад асноўнай працы час” (больш цынічны выраз у адносінах да пісьменніцкай творчасці цяжка прыдумаць). І калі мужчына-пісьменнік яшчэ можа даць рады гэтай сітуацыі, то жанчыне асабліва няпроста хаця б з тае прычыны, што раздзяленне працы ў беларускай сям’і застаецца па-ранейшаму патрыярхальным, а дзеці лічацца “жаночай справай”. Жанчына-пісьменніца-маці вымушана раздзірацца паміж неабходнасцю выжыць фізічна (разам з дзіцёнкам) і галоўнай справай свайго жыцця. Так ці інакш, ідзеш на кампраміс. Творца асуджаны на самоту па самой сваёй сутнасці, аднак жанчыне значна цяжэй, чым мужчыне, адваяваць права на дыстанцыю ад сваіх блізкіх, а без гэтай дыстанцыі пісьменніка няма.

 

Надзея Кандрусевіч, перакладчыца, каардынатарка праекта Books From Belarus:

 

Я думаю, з удзелам Books From Belarus у Варшаўскім кніжным кірмашы ўсё атрымалася. Праект выклікаў рэзананс сярод наведвальнікаў, журналістаў, людзям нагадалі пра існаванне беларускай літаратуры. Аўтаркі, прадстаўленыя ў праекце, змаглі пабачыць адна адну, адчуць салідарнасць і падтрымку, выказацца наконт праблем, якія іх хвалююць, бо, сапраўды, у Беларусі яны не заўсёды маюць магчымасць для такіх сустрэч. Я вельмі радая, што ў нас была супольная сцэна са шведскім праектам Марыі Сёдэрберг “Літаратурнае падарожжа”. Дзякуючы ёй у нашай праграме паўдзельнічалі не толькі аўтаркі і аўтары з Беларусі, але і з Польшчы — пісьменніцы Малгажата Шэйнэрт і Катажына Тубылевіч, Швецыі —пісьменніца Эбба Віт Брадстрэм, перакладчык Андэш Будэгод і інш.

 

 

"Сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў"
27.05.2016