Аб'яўлены пераможцы!

22 снежня ў Прэс-клубе прайшла ўрачастая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Культура важыць". 

 

Цягам трох месяцаў было даслана больш за 100 артыкулаў у трох намінацыях: "Прафесійны журналіст", "Блогер" і "Журналіст-пачатковец". Журы ўважліва прачыталі ўсе заяўленыя тэксты і абрала чатырох пераможцаў у асноўных намінацыях і трох уладальнікаў спецыяльных узнагарод. У складзе камісіі працавалі: заснавальніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая, філосафка і выкладчыца Вольга Шпарага, доктарка філалагічных навук і выкладчыца БДУ Таццяна Арлова, мастацкі крытык Максім Жбанкоў, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, а таксама нацыянальная каардынатарка праграмы ЕС "Культура і крэатыўнасць" Аліна Дзеравянка і спецыялістка па камунікацыях праграмы Анастасія Нуржынская.

У намінацыі "Блогер" перамагла Кацярына Карпіцкая, аўтарка тэксту "Жэня Кучмейно .K: "Я веру, што ў Беларусі ёсць свае героі". Уладальніцай прызу ў намінацыі "Журналіст-пачатковец" стала аўтарка з Берасця Наталля Зданевіч, з тэкстам "Что общего у сообщества «А/Я Брест», краеведческого музея и академии культуры Google" . Абедзве аўтаркі атрымалі грашовыя прызы, дыпломы, а таксама памятныя ўзнагароды ад арганізатараў. 

Колькасць заявак у намінацыі "Прафесійны журналіст" перавысіла чаканні, і, згодна з прызнаннямі членаў журы, было складана выбраць аднаго пераможцу. Па гэтай прычыне адразу два раўназначных прыза (400 беларускіх рублёў кожны) былі ўручаныя ўдзельніцам конкурсу - Але Шарко за тэкст "Талант заложен в каждом: как создать оперу при участии людей с особенными потребностями" і Вользе Бубіч за артыкул "Дело о граффити. О чем говорит «Безымянный человек»".

Прыз "За ўклад у развіццё культурных і крэатыўных індустрый" быў уручаны Ганне Яфрэменка ("Мы думали, у вас СССР, а тут такой движ!". Кто и как делает главный арт-пикник Минска), а спецыяльны прыз ад Прэс-клуба - стажыроўку ў абранай рэдакцыі - атрымала аўтарка берасцейскага анлайн-парталу Вольга Яромчук ("Рыбы-дирижабли в центре Бреста"). Таксама была адзначана Юлія Васілюк, журналістка парталу "Город женщин", - яна атрымала прыз чытацкіх сімпатый. 

 

Яшчэ адзін спецыяльны прыз, на гэты раз ад прадстаўніцтва ЕС, уручылі Ганне Янкута за матэрыял "Матэматыка, Ярмошына і Эмілія Плятэр".

Але на гэтым вечар не скончыўся - пасля уручэння ўзнагарод у Прэс-клубе выступіў з адкрытай лекцыяй галоўны рэдактар украінскага інтэрнэт-часопісу Platfor.ma Юры Марчанка. Лекцыя атрымалася не толькі пазнавальнай, але і па-святочнаму вясёлай. Напрыканцы ўсе госці падзеі атрымалі запрашэнне на фуршэт, каб адзначыць заканчэнне конкурсу і набліжэння святаў. 

 

Дзякуем усім, хто дасылаў свае працы на конкурс і быў з намі падчас узнагароджання пераможцаў!